Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Створаны новыя епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы
Беларуская Праваслаўная Царква
24.10.2014 12:14

Створаны новыя епархіі Беларускага Экзархату ў Мінскай вобласці. Такое рашэнне было вынесена Святым Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы, пасяджэнне якога адбылося 23 кастрычніка пад кіраўніцтвам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Аб гэтым паведамляе афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Такім чынам, са складу Мінскай епархіі вылучаюцца:

— Барысаўская епархія, якая ўтвараецца ў межах Беразінскага, Барысаўскага, Крупскага, Лагойскага, Пухавіцкага, Смалявіцкага і Чэрвенскага раёнаў Мінскай вобласці і епархіяльны архірэй якой будзе мець тытул «Барысаўскі і Мар’інагорскі» — ім стаў епіскап Барысаўскі Веніямін, вікарый Мінскай епархіі;

— Маладзечанская епархія, якая ўтвараецца ў межах Вілейскага, Валожынскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага, Мядзельскага, Стаўбцоўскага і Уздзенскага раёнаў Мінскай вобласці і епархіяльны архірэй якой будзе мець тытул «Маладзечанскі і Стаўбцоўскі» — ім стаў архімандрыт Павел (Цімафеенкаў), клірык Мінскай епархіі;

— Слуцкая епархія, якая ўтвараецца ў межах Клецкага, Капыльскага, Любанскага, Нясвіжскага, Слуцкага, Салігорскага і Старадарожскага раёнаў Мінскай вобласці і епархіяльны архірэй якой будзе мець тытул «Слуцкі і Салігорскі» — ім стаў архімандрыт Антоній (Даронін), клірык Мінскай епархіі;

— тэрытарыяльныя межы Мінскай епархіі ўтвараюцца ў межах Мінска і Мінскага раёна — яе епархіяльны архірэй будзе мець тытул «Мінскі і Заслаўскі».

У межах Мінска, Мінскага раёна і Мінскай вобласці ўтвараецца Мінская мітраполія, якая ўключае Мінскую, Барысаўскую, Маладзечанскую і Слуцкую епархіі — яе кіраўніком прызначаны Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.