Мітрапаліт Кандрусевіч наведаў парафію Божай Міласэрнасці ў Любані | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.05.2017 11:13

14 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з вернікамі парафіі Божай Міласэрнасці ў Любані (Вілейскі дэканат). Парафіяне віталі арцыпастыра паводле старажытнага звычаю — з хлебам і соллю, выказваючы радасць, што маюць магчымасць прымаць у сябе і маліцца разам са сваім біскупам. 

Напачатку літургіі пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла распавёў іерарху пра мясцовую парафію, пра веру і надзею парафіян, папрасіў прамовіць да сабраных вернікаў слова і ўдзяліць сваё пастырскае благаслаўленне.

У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш падкрэсліў сувязь аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме і Езуса Міласэрнага св. Фаустыне, якія аб’ядноўвае адна ідэя — Божая міласэрнасць. «Бог міласэрны і чакае, каб мы вярнуліся да сяброўства з Ім. Ён вядзе нас да гэтага сяброўства ў Касцёле», — сцвердзіў іерарх.

Разважаючы пра важнасць вуглавога каменя і моцнага падмурку арцыпастыр зазначыў, што калі мы будзем будаваць жыццё на Евангеллі, то ніякія выклікі нашага часу не пашкодзяць нам. «Калі мы будзем прытрымлівацца вучэння Езуса, ісці дарогай Евангелля і жыць праўдай навучання Касцёла, то будзем жыць жыццём Божым», — заключыў арцыпастыр.

Напрыканцы Эўхарыстыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў пастырскае благаслаўленне і пажадаў вернікам, каб Езус быў у іх жыцці дарогай, праўдай і жыццём.

Пасля св. Імшы іерарх благаславіў будаўніцтва дома для патрэбаў парафіі, якое распачала любанская парафія, а таксама заклаў капсулу з падпісаным дакументам і благаславіў вуглавы камень. Ксёндз Аляксандр Барыла разам з вернікамі выказалі ўдзячнасць Мітрапаліту Тадэвушу за падтрымку распачатай справы будаўніцтва, якая з’яўляецца для парафіі знакам вялікай Божай міласэрнасці.


Кацярына Дурко
Фота аўтара

 
© 2003-2024 Catholic.by