Пасхальная вігілія і рэзурэкцыя ў Магілёве: «З пустой грабніцы выпраменьвала Божая любоў» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.04.2017 14:43

Урачыстай Імшой Пасхальнай вігіліі пачалося святкаванне Уваскрасення Пана ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве. Літургію ўзначаліў біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB.

Пасхальная вігілія – вяршыня ўсяго літургічнага года, найважнейшая цэлебрацыя на яго працягу. У ёй узгадваецца ноч Уваскрасення Хрыста, перамогі над грахом і смерцю. Гэтая багатая па змесце літургія складаецца з некалькіх частак: літургіі святла, літургіі слова, хросту і Эўхарыстыі.

Звонку касцёла біскуп Аляксандр Яшэўскі здзейсніў благаслаўленне агню, ад якога быў запалены новы пасхал – сімвал Хрыста.

Пасля літургіі слова, якая вельмі багатая ў гэты дзень, прысутныя аднавілі свае абяцанні хросту, а ў літаніі да Усіх Святых прасілі заступніцтва святых, каб заўсёды трываць у гэтых абяцаннях.

Кульмінацыйным момантам стала Эўхарыстычная літургія, якая з’яўляецца не толькі ўспамінам, але і ажыццяўленнем таямніц жыцця Хрыста сярод людзей; дарам невымоўнай Божай любові, у якім чалавек можа сапраўды прымаць самога Пана.

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі выказаў вернікам святочныя віншаванні, пажадаўшы, каб «перыяд Вялікадня стаў часам глыбокага досведу бязмежнай Божай любові і часам умацавання адносін з Хрыстом». «Божая любоў выпраменьвае з пустой грабніцы і асвятляе цемру нашага жыцця. Надае яму сэнс, кірунак і мэту, ажыўляе надзею», — дадаў іерарх, заклікаючы жыць верай і ў радасці.

 
© 2003-2024 Catholic.by