Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч падчас Імшы Вячэры Пана: «Ісці за Хрыстом — гэта памерці для граху»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.04.2017 23:44

Імшу Вячэры Пана ў Вялікі чацвер у мінскай катэдры ўзначаліў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Канцэлебраваў Імшу дапаможны біскуп Юрый Касабуцкі.

Адным з цэнтральных момантаў святой Імшы стала абмыванне ног 12 мужчынам. Гэты абрад сімвалізуе служэнне і любоў Хрыста, які прыйшоў не дзеля таго, каб Яму служылі, але дзеля таго, каб служыць іншым.

У сваёй гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч напачатку распавёў вернікам пра егіпецкі абеліск на плошчы св. Пятра ў Рыме. Гэты абеліск, паводле слоў іерарха, мог быць адзіным прадметам, які перад смерцю бачыў св. Пётр перад тым, як прыняць мучаніцкую смерць.


Езус — як настаўнік і слуга

«На верхавіне абеліска сёння знаходзіцца крыж з надпісам Christus vincit, Christus regnat, Christus imperat. Надпіс нагадвае пра перамогу Езуса, якая была дасягнута дзякуючы Яго крыжу», — сказаў арцыпастыр.

Як нагадаў Мітрапаліт, набажэнства Апошняй Вячэры прадстаўляе нам Езуса, які прыходзіць на спатканне з намі як Баранак Божы і слуга: «Гэта той Езус, які становіцца на калені перад апосталамі і абмывае ім ногі. У пыльным клімаце Палесціны абмыванне ног было агульнапрынятым звычаем. Аднак гэта была праца слугі, але ніколі гэтага не рабіў гаспадар дому.

У жэсце Езуса мы бачым нешта зусім іншае, не звычайнае для культуры таго часу. Езус, які называў сябе настаўнікам, займае месца слугі і абмывае ногі сваім вучням. Гэта быў той момант, калі прывычны свет перавярнуўся з ног на галаву і быццам усе абеліскі свету пападалі са сваіх п’едэсталаў».


Езус — ахвяра і Збаўца

Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што калі абмыванне ног апосталам было вельмі вымоўным сімвалам, то «ўстанаўленне Эўхарыстыі стала рэальнай прысутнасцю Езуса сярод нас»:

«Давер цэлебрацыі Эўхарыстыі апосталам і іх пераемнікам — біскупам, а таксама святарамі вытрымаў выпрабаванне часам. Дзякуючы ім, Хрыстус пад відам хлеба і віна прыходзіць да нас, каб умацоўваць нашы духоўныя сілы», — падкрэсліў арцыпастыр.

Поўны тэкст гаміліі тут››

Паводле слоў Мітрапаліта, калі вернікі прыступаюць да Камуніі, яны яднаюцца з Хрыстом і самі з сабою. Слова communio з лацінскай мовы азначае  «адзінства».

«Абмыванне ног — гэта не інсцэніроўка мінулай гістарычнай падзеі, а ўдзел у збаўчай місіі Хрыста, якую Ён здзейсняе праз свой Касцёл у рэальным свеце», — падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.


Што значыць «ісці за Хрыстом»?

«Сёння мы паглыбляемся ў таямніцу Божага Баранка, які абмывае ногі апосталам, а ўстанаўленнем Эўхарыстыі апярэджвае крыжовую ахвяру на Галгоце за нашы грахі — адзначыў іерарх. — Ісці за Хрыстом — гэта стаць на калені перад сучасным светам і па прыкладзе Езуса яму служыць», — дадаў арцыбіскуп.

Ісці за Хрыстом, як падкрэсліў Мітрапаліт, азначае ісці на Кальварыю нашага жыцця, каб памерці для граху на Кальварыі з Ім і потым уваскрэснуць да новага жыцця.

Ісці за Хрыстом — гэта азначае прымаць удзел у Эўхарыстыі, якая «прыносіць неба на зямлю, а зямлю вядзе да неба».
«Няхай літургія Апошняй Вячэры дапаможа нам жыць праўдай, што благаслаўлёныя пакліканыя на вячэру Божага Баранка», — заключыў іерарх.

На заканчэнне Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў урачыста перанесены ў месца адарацыі — «цямніцу» як памяць пра арышт Хрыста ў Аліўным садзе і ноч, праведзеную Ім у вязніцы.

(DN), (IL)

Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.