Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Апостальскі Нунцый асвяціў бакавы алтар у касцёле парафіі Св. Юзафа ў Валожыне
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.03.2017 14:07

18 сакавіка ў парафіі Святога Юзафа ў Валожыне адбылося асвячэнне бакавога алтара, якое здзейсніў Апостальскі Нунцый у Беларусі ацыбіскуп Габар Пінтэр.


Новы алтар у гонар св. Агаты стаў шостым па ліку алтаром у святыні, якая да 1990-х выкарыстоўвалася як фабрыка жалезабетонных вырабаў і пластмасы. Сёння пасля больш чым 60-гадовага занядбання касцёл і парафія ўсё яшчэ працягваюць сваё аднаўленне.



Урачыстасць сабрала шмат вернікаў і святароў, якія прыбылі не толькі з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але і з Гродзенскай, а таксама Віцебскай дыяцэзій.

На пачатку Імшы Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр перадаў прывітанне і благаслаўленне ад Папы Рымскага. Арцыбіскуп прызнаўся, што вельмі ўсцешаны бачыць жывую і дынамічную супольнасць вернікаў, якія праслаўляюць Бога.

«Буду маліцца да добрага Бога, каб умацоўваў сваёй ласкай кожнага з вас, вашых родных і блізкіх, усю вашу парафіяльную супольнасць, каб з кожным днём, па прыкладу святога Юзафа, вы маглі ўзрастаць у веры і адданым служэнні адно аднаму».

Святы Юзаф як прыклад веры і пакоры

У гаміліі, якую арцыбіскуп Габар Пінтэр прамовіў на беларускай мове, ён звярнуў асаблівую ўвагу на місію святога Юзафа, падкрэсліваючы глыбіню яго веры і паслухмянасці.


«Ідэя аўтаноміі і свабоды, якую сёння многія маюць, можа выклікаць адмоўныя рэакцыі адносна такога спосабу думаць і перажываць уласнае існаванне, як рабіў у сваім жыцці святы Юзаф. Насамрэч, ён паказвае нам адзіны сапраўдны шлях, які вядзе да самарэалізацыі», — адзначыў іерарх.

Паводле яго слоў, вера з’яўляецца маці паслухмянасці, бо дазваляе зразумець, які план падрыхтаваць Бог для кожнага з нас. «Супрацоўніцтва з Богам у рэалізацыі гэтага плана прыводзіць да таго, што з раба выпадковасці становішся свабодным дзіцём Божым», — сказаў арцыбіскуп.


Нунцый дадаў, што св. Юзаф быў выбраны Богам для таго, каб быць апекуном для Езуса і Марыі:

«Юзаф з’яўляецца сапраўдным сведкам праўды пра чалавека, таму што вучыць нас, што значыць быць свабодным. Для Езуса ён пакліканы быць як бацька, а для Марыі з’яўляецца мужам».

Згадваючы старонкі Святога Пісання, дзе апісваецца постаць святога, арцыбіскуп Габар Пінтэр заўважыў, што адносіны св. Юзафа вызначаюцца паўнатой служэння.


Святы Юзаф як паслухмянасць місіі і ўзаемнае служэнне

«З паслухмянасці Богу выцякае паслухмянасць — служэнне адно аднаму, — адзначыў іерарх. — Гледзячы на святога, прыгадваюцца словы апостала Паўла: “У пакоры лічыце адно аднаго вышэйшым за сябе. Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых” і яшчэ: “Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай”».

Іерарх дадаў, што ў еднасці асобаў, якія знаходзяцца пад аховай святога Юзафа, бачыцца «правобраз Святога Касцёла, часткай якога пакліканы быць кожны з нас».


Напрыканцы гаміліі, звяртаючыся да вернікаў, іерарх заахвоціў іх захоўваць памяць пра святога. «Святы Юзаф вучыць нас таямніцу сапраўднай свабоды — паслухмянасць місіі і ўзаемнае служэнне. Менавіта ў гэтым наша сапраўдная самарэалізацыя».

На завяршэнне св. Імшы вернікі, дзякуючы Нунцыю за прыезд, прасілі прывітаць ад іх імя Святога Айца і запэўнілі ў сваім чаканні Папы ў Беларусі.

Пасля св. Імшы адбылося асвячэнне бакавога алтара святой Агаты.

Ілья Лапато, фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

24.04 14:33Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў свята Божай Міласэрнасці наведаў парафію ў Асіповічах
21.04 15:22У мінскім Чырвоным касцёле можна атрымаць кансультацыю псіхолага
17.04 14:43Пасхальная вігілія і рэзурэкцыя ў Магілёве: «З пустой грабніцы выпраменьвала Божая любоў»
17.04 09:16Мітрапаліт Кандрусевіч: уваскрасенне Хрыста — непахісны фундамент нашай веры
16.04 02:02«Мы ўсё можам у Хрысце»: Пасхальная вігілія ў мінскай архікатэдры (+фотарэпартаж)
15.04 14:00Апостальскі Нунцый благаславіў святочныя стравы. Фотафакт
14.04 22:39Мітрапаліт Кандрусевіч у Вялікую пятніцу: «Не трэба баяцца крыжа — на ім адбыўся цуд нашага збаўлення» (+фотарэпатаж)
14.04 09:19Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падчас Імшы Вячэры Пана: «Хто любіць, той хоча служыць іншаму як Езус»
13.04 23:44Мітрапаліт Кандрусевіч падчас Імшы Вячэры Пана: «Ісці за Хрыстом — гэта памерці для граху»
13.04 21:15«Стаць правадырамі для вернікаў» заклікаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB святароў падчас Імшы Хрызма