Мітрапаліт Кандрусевіч: св. Патрык быў выкрадзены ірландскімі разбойнікамі, і гэтае здарэнне прывяло яго да Бога | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.03.2017 19:24

17 сакавіка, ва ўспамін апекуна Ірландыі св. Патрыка, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў св. Імшу і малітву Крыжовага шляху ў мінскай архікатэдры. Святы Патрык быў выкрадзены ірландскімі разбойнікамі, і гэтае здарэнне прывяло яго да Бога, а пазней ён прынёс хрысціянства ў краіну яго крыўдзіцеляў.

Тэмай разважанняў набажэнства Крыжовага шляху былі словы: «Не пакідай крыжа, і ён будзе несці цябе».

«Калі нас аддзяляе ад Радзімы вялікае мора, мы не можам дабрацца да яе іначай, як толькі ўплаў. Даплыць самім у нас не хопіць сілаў. Патрэбна судна. Мы знаходзімся ў непрыветным моры XXI стагоддзя. Аднак мы не адны. Хрыстус даў нам выратавальны плыт — гэта Яго крыж. Таму нельга адмаўляцца ад крыжа, бо ён вядзе нас у порт вечнага шчасця», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. 

Іерарх звярнуў увагу шматлікіх вернікаў на заахвочванне Хрыста ўзяць крыж свайго жыцця і ісці за Ім. Арцыпастыр заклікаў ісці па жыцці прытуліўшыся да Хрыста, каб не ўтапіцца ва ўзбураных хвалях акіяну XXI стагоддзя.

На кожнай стацыі Крыжовага шляху вернікі разважалі пра падзею, якую яна адлюстроўвае і пра яе значэнне ў жыцці сучаснага хрысціяніна, а таксама маліліся да Духа Святога, каб дапамог у ажыццяўленні галоўнай ідэі, якая выплывае з кожнага канкрэтнага прыпынку.

У гаміліі падчас св. Імшы Мітрапаліт Тадэвуш узгадаў апекуна Ірландыі — св. Патрыка, якога Касцёл успамінае ў гэты дзень.

Святы Патрык нарадзіўся ў Брытаніі ў другой палове V стагоддзя і памёр у Ірландыі ў сярэдзіне VI стагоддзя. Яго ўшаноўваюць у Каталіцкім Касцёле і ў пратэстанцкіх супольнасцях, а ад сакавіка гэтага года імя св. Патрыка ўключана таксама ў месяцаслоў Рускай Праваслаўнай Царквы.

Ва ўзросце каля 16 гадоў св. Патрык быў скрадзены ірландскімі разбойнікамі і вывезены з Брытаніі ў Ірландыю. У няволі юнак пасвіў авечак.

«Гады свайго зняволення св. Патрык успрымаў як кару за незахоўванне Божага закону. Ён сам кажа, што ў юнацтве не ведаў Бога, аднак у няволі пазнаў Яго і многа маліўся, — адзначыў арцыпастыр. — Аднойчы ўначы ён пачуў голас, які сказаў яму, што ён вернецца на сваю радзіму. Так і сталася. Патрык вярнуўся ў Брытанію, дзе потым стаў біскупам, каб пазней ужо дабравольна вярнуцца ў Ірландыю з мэтай абвяшчаць Евангелле язычнікам».

Плёнам яго місійнай дзейнасці, як сцвердзіў іерарх, стала каля 120 тысяч ахрышчаных і заснаванне вялікай колькасці хрысціянскіх супольнасцяў. Па некаторых даных, іх налічваецца каля 600.

«У сваёй дзейнасці св. Патрык падкрэсліваў важнасць місіянерства. Яго можна назваць сеяцелем евангельскага зерня ў Ірландыі. У сваёй апостальскай дзейнасці ён браў прыклад з самага вялікага місіянера ўсіх часоў — св. апостала Паўла. Пасеянае св. Патрыкам зерне Евангелля дало вельмі багаты плён. Ірландыя стала краінай з вельмі багатай хрысціянскай, а найперш каталіцкай традыцыяй. Ірландскі Касцёл даў свету многа місіянераў, дзякуючы якім Евангелле прыйшло на многія кантыненты», — падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш.

«Сучасны свет патрабуе новага абвяшчэння Евангелля. Няхай св. Патрык будзе для ўсіх нас — духоўных асобаў і свецкіх — прыкладам і натхненнем несці сучаснаму свету заўсёды жывое і дзейснае Божае слова», — заключыў іерарх.

(DN), (VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by