Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: мір — гэта Божы дар і адказнасць, ускладзеная на чалавека
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.09.2016 19:41

20 верасня, у апошні дзень сусветнага малітоўнага форуму за мір, каталіцкая супольнасць Беларусі правяла адмысловыя набажэнствы. У мінскай архікатэдры малітву ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які назваў сустрэчу ў Асізі «сусветным форумам змагароў за мір».

Іерарх указаў на занепакоенасць Святога Айца сітуацыяй у свеце, дзе «ўжо ідзе гібрыдная вайна і дзе амаль кожны дзень адбываюцца тэрарыстычныя акты, а хваля бежанцаў з Сірыі і іншых краін Афрыкі і Азіі запаланіла Еўропу». «Менавіта таму Папа Францішак заклікаў сусветных рэлігійных лідараў правесці чарговую малітоўную сустрэчу ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце», — дадаў арцыпастыр.

У гаміліі Мітрапаліт разважаў, чаму пытанне міру ва ўсе часы застаецца актуальным: «Свет, асабліва бездухоўны, не можа гарантаваць міру, бо мір — гэта не толькі адсутнасць ваенных дзеянняў, гвалту, тэрарыстычных актаў і г.д. Гэта найперш мір у нашых сэрцах. Калі мы хочам супакою ў свеце, то не можам затрымліваць духоўнага дыхання».

Як адзначыў іерарх, мір не залежыць ад іншых людзей, бо іх «думкі, словы і дзеянні не заўсёды міратворчыя», як не залежыць таксама ад нас, бо «мы ведаем, што такое дабро, а ў той жа час чынім зло».

Мітрапаліт падкрэсліў, што мір — гэта не вынік выключна чалавечых змаганняў, а Божы дар і адказнасць, ускладзеная на чалавека. «Яна будзе паспяхова выканана, калі ў справе міру мы будзем разлічваць не на свае слабыя сілы, але на Бога», — дадаў іерарх.

Арцыпастыр нагадаў, што важным гарантам міру ў свеце з’яўляецца таксама сацыяльная справядлівасць, а войны ўзнікаюць найперш з-за яе адсутнасці.

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Імшы за мір>>> 

Асізскі малітоўны форум за мір упершыню адбыўся па ініцыятыве св. Яна Паўла II у 1986 г. Праходзіць ён штогод, часам з удзелам Святога Айца. У 2011 г. у сустрэчы прыняў удзел Папа Бэнэдыкт XVI. Сёлета ў Асізі прыбыў Папа Францішак.

(DN), (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.