Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB асвяціў крыж на галоўнай вежы касцёла Спаслання Святога Духа ў Барысаве | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.07.2016 16:02

24 ліпеня адбылося асвячэнне крыжа на галоўнай вежы касцёла Спаслання Святога Духа ў Барысаве. Асвячэнне здзейсніў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Светлыя муры новага велічнага касцёла ўзведзены ў атачэнні хвой, крыху наўзбоч ад трасы, у маляўнічым месцы Барысава, дзе праходзіць аўтастрада Мінск-Масква, дзе пачынаюцца гарадскiя вулiцы.

Святая Імша адбылася ў капліцы побач з касцёлам. Падчас Эўхарыстыі дзякавалі Богу за дар новай святынi, дар Хрыстовага крыжа i надзеi.

Пасля Імшы біскуп у прысутнасцi вернiкаў парафii i гасцей, якія прыбылi на ўрачыстасць, асвяціў крыж на вежы касцёла. Быў таксама асвечаны ўвесь касцёл, які яшчэ знаходзiцца ў стадыi будаўнiцтва.

Парафіяне спадзяюцца, што новая святыня Спаслання Святога Духа стане месцам Божай ласкі, Божай прысутнасцi, месцам веры, надзеі і любові для вернікаў назаўсёды.
 
Галiна Прытчына, (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by