Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана: Мы павінны быць сведкамі Хрыста ў сучасным свеце
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.05.2016 19:26

5 мая, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.

У гаміліі падчас Эўхарыстыі, кажучы пра Унебаўшэсце Хрыста, іерарх адзначыў: «Пасля завяршэння сваёй місіі збаўлення чалавецтва Езус вяртаецца ў дом свайго Нябеснага Айца. Ён вяртаецца, каб падрыхтаваць нам месца. Мы выйшлі з Божай рукі і таксама павінны вярнуцца ў дом Нябеснага Айца».

«Езус таксама абяцае паслаць Святога Духа, які ўжо 2 тысячы гадоў кіруе Касцёлам, — дадаў арцыпастыр. — Дзякуючы Святому Духу, Ён прысутны па ўсім свеце. Дзякуючы Яму святар дзейнічае моцаю Езуса ў тых месцах, дзе абвяшчае Божае слова і цэлебруе сакрамэнты».

«Мы сябе пытаемся: “А што мы павінны рабіць пасля Унебаўшэсця Езуса?” Дастакова толькі сядзець і чакаць? А можа, трэба штосьці рабіць? Першае сённяшняе чытанне гаворыць нам, што толькі чакаць азначае памыляцца», — адзначыў таксама Мітрапаліт.

Па словах арцыбіскупа, «умацаваныя моцаю Святога Духа, мы павінны быць сведкамі Хрыста ў сучасным свеце».

«Нам не дазволена проста так сядзець і глядзець, як духоўна загнівае і псуецца свет і яго культура. Праз наша хрысціянскае сведчанне мы пакліканы лячыць свет ад хваробы адыходу ад веры. Гэта заданне ўсіх хрысціян, у тым ліку свецкіх», — звярнуў увагу іерарх.

Мітрапаліт нагадаў, што «Касцёл заклікае свецкіх людзей праз іх прыкладнае хрысціянскае жыццё занесці Хрыста ў самыя цёмныя закуткі сучаснага свету», «свецкія пакліканы для таго, каб дзякуючы ім Касцёл быў прысутны і дзейнічаў у такіх месцах і абставінах, дзе толькі праз іх ён можа быць соллю зямлі». Вялікая роля ў гэтым працэсе, па словах арцыпастыра, належыць хрысціянскім палітыкам, што «пакліканы ствараць і прымаць законы, якія не супярэчаць Божаму праву».

«Калі місія абвяшчэння Добрай Навіны Езусам была даруча непасрэдна апосталам, біскупам і святарам, то ў святле вучэння Касцёла свецкія вернікі маюць абавязак ім дапамагаць у гэтым працэсе сваёй малітвай і сведчаннем хрысціянскага жыцця», — заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.