Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Разам вырашаць праблемы і разам ісці шляхам збаўлення»: у Мінску прайшла сустрэча святароў архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.04.2016 14:28

28 красавіка ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены прайшла пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У межах пастырскай сустрэчы адбылася святая Імша, якую цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу, што першыя чытанні, якія Касцёл прапануе ў літургіі ў апошнія два дні, «закранаюць праблему падзелаў, якія былі ў Касцёле ад самага пачатку яго існавання».

«Першыя хрысціянскія супольнасці падзяліліся з-за ўзніклай праблемы абразання язычнікаў, якія навярнуліся. Некаторыя апосталы лічылі, што яны павінны падпарадкавацца габрэйскаму праву абразання. Апосталы не пакінулі гэтага пытанне на самацёк і пастанавілі вырашыць яго на супольным сходзе, які ўвайшоў у гісторыю як Ерузалемскі сабор – першы сабор у Хрыстовым Касцёле», — нагадаў Мітрапаліт.

Па словах арцыбіскупа, «шлях, якім апосталы вырашалі гэтае пытанне, і сёння застаецца нам прыкладам і вучыць, як паступаць у падобных выпадках». «Апосталы, вырашаючы гэтае пытанне, канцэнтраваліся на самой праблеме, а не на той ці іншай асобе, на тым ці іншым апостале. Яны ніколі не атакавалі асобаў, калі так можна выказацца, не былі супраць чалавека, які меў іншы погляд, але шляхам дыялогу і абмеркавання вырашалі саму праблему», — патлумачыў іерарх.

«Падчас Ерузалемскага сабору апостал Пётр ніколі не супярэчыў Паўлу, што той не быў адным з дванаццаці, якіх выбраў Хрыстус, і таму не прайшоў Ягонай школы. Таксама і Павел ніколі не ўзгадваў Пятру, што той ажно тры разы адрокся ад Езуса. Ён таксама не дакараў апосталаў, што яны разбегліся, калі Езус быў арыштаваны. А напэўна, яны маглі б сказаць нямала прыкрых слоў адзін аднаму. Аднак для духоўнага дабра людзей і асабліва язычнікаў, якія навярнуліся, яны перамаглі саміх сябе, каб прыйсці да супольнага рашэння», — дадаў арцыбіскуп.

Таксама Мітрапаліт звярнуў увагу на тое, што, «калі Езус кажа, што, захоўваючы Яго запаведзі, мы прабываем у Ягонай любові, то Ён кажа не толькі пра дзесяць Божых запаведзяў, але і пра Касцёл, які з’яўляецца працягам Хрыста ў часе і прасторы». «Таму мы не можам казаць: “Так” Хрысту і “не” Касцёлу. Не можам казаць, што верым у Бога, а ў Касцёл не. Касцёл праз сваё вучэнне, сакрамэнты і служэнне робіць Хрыста прысутным сярод нас», — адзначыў іерарх.

Мітрапаліт нагадаў, што святары «вучаць людзей прабачэнню і лагоднасці ў вырашэнні розных праблем», і разам з тым «святары таксама маюць патрэбу ў духоўнай дапамозе вернікаў». «Няхай жа паміж намі, святарамі, і вернікамі пануе цесная сувязь, каб мы разам маглі вырашаць існуючыя праблемы нашага Касцёла і разам ісці шляхам збаўлення, каб людзі пра нас казалі: глядзіце, як яны любяць адзін аднаго», — пажадаў арцыпастыр.

Наступная сустрэча духавенства архідыяцэзіі адбудзецца 30 мая ў Волме. На Эўхарыстыі ў межах сустрэчы ўсе святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі памоляцца ў інтэнцыі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды 35-годдзя святарства, якое арцыпастыр адзначае 31 мая.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.