Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Разам працаваць для Бога і нашай Радзімы». Хрысціянскія журналісты сустрэліся і памаліліся ў Чырвоным касцёле
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.04.2016 00:39

23 красавіка каталіцкія, праваслаўныя і пратэстанцкія журналісты сабраліся ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены, каб пазнаёміцца і абмеркаваць планы для супольнай працы ў наступныя месяцы.

Ініцыятарам сустрэчы быў Максім Гацак, галоўны рэдактар хрысціянскага партала Krynica.info, а вядучым мерапрыемства стаў адказны за кантакты са СМІ Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько.

Ва ўступнай прамове кс. Юрый Санько на прыкладзе з'яўлення радыётрансляцый святых Імшаў распавёў пра сучаснае стаўленне Касцёла да сродкаў масавай камунікацыі. Святар звярнуў увагу на важнейшую ролю СМІ не толькі ў распаўсюджванні інфармацыі пра сітуацыю ў хрысціянскім свеце, але і ў пашырэнні Добрай Весткі.

«Дзякуючы СМІ грамадства можа пачуць слова Касцёла. Важная роля СМІ таксама ў міжканфесійным дыялогу, у якім вы, журналісты, можаце дапамагчы людзям стаць больш адкрытымі на сваіх братоў», — адзначыў кс. Юрый Санько.

Плануецца, што падобныя сустрэчы будуць адбывацца тры-чатыры разы ў год, і на кожную з іх будзе запрашацца госць, з якім журналістам будзе цікава паразмаўляць.

На першай сустрэчы такім госцем амаль выпадкова стаў кіраўнік Брэсцкага моладзевага культурна-асветніцкага грамадскага аб'яднання «У абарону жыцця і сямейных каштоўнасцяў» Альберт Казаран. Эмацыйная, але пры гэтым лагічная і прагматычная прамова чалавека, які вырашыў прысвяціць усё сваё жыццё змаганню супраць абортаў, узрушыла прысутных.

Таксама ксёндз Юрый Санько разам з ксяндзом Яўгенам Эйсмантам SAC цэлебравалі святую Імшу ў інтэнцыі журналістаў, каб іх праца была сапраўдным служэннем Богу.

У гаміліі кс. Яўген Эйсмант засяродзіўся на справе штодзённай, няхай і кароткай малітвы. Такая малітва, сказаў святар, вучыць чалавека заўсёды адчуваць сваю блізкасць да Бога, Яго прысутнасць і з'яўляецца пачаткам вялікіх пазітыўных перамен у жыцці хрысціяніна.

Пасля Імшы ўдзельнікі сустрэчы сабраліся на пачастунак, падчас якога працягвалася нефармальная дыскусія і была магчымасць завязаць новыя сяброўскія кантакты.

Аляксандр Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.