Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскі кінаклуб «Рэха»: спроба новай евангелізацыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.04.2016 11:36

З нядаўняга часу хрысціяне Мінска раз у месяц збіраюцца ў касцёле на Кальварыі ў адмысловым кінаклубе «Рэха». Тут можна не толькі паглядзець разам хрысціянскія фільмы, але і абмеркаваць іх. 

Ініцыятыва стварэння кінаклуба належыць мясцовым парафіянам. Алена Болдак, парафіянка касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі, распавяла Catholic.by, што ідэю арганізаваць кінаклуб ёй «падказаў» святы Францішак.

«Пасля ўрачыстай святой Імшы, калі закладалі камень пад новую святыню парафіі Св. Францішка, мне прыйшла думка паказаць фільм "Франчэска" (рэж. Ліліяні Кавані) якраз 4 кастрычніка, у дзень успаміну святога Францішка. І з таго моманту мы пачалі паказваць фільмы раз на месяц», — распавяла жанчына.

Назву ўзялі таксама невыпадковую: з грэчаскай мовы «рэха» азначае катэхізацыя.

Менавіта катэхізацыя, паводле слоў арганізатараў праекта, стала асноўнай мэтай стварэння клуба.

Алена Болдак і пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. Андрэй Сіповіч адзначаюць, што такім чынам яны хацелі прыцягнуць у касцёл людзей, якія не вераць у Бога. Пакуль што, аднак, новаўвядзенне на Кальварыі палюбілі толькі вернікі. Але ўсё наперадзе, як лічаць арганізатары.

«Калі чалавек нават і не верыць у Бога, прагляд фільма дае яму магчымасць паразважаць над сваім жыццём і адносінамі з Богам, абапіраючыся на творы мастацтва, на нейкія сюжэтныя лініі. Ёсць людзі далёкія ад Бога, але якія праз такія паказы могуць знайсці Яго», — заўважае кс. Андрэй Сіповіч.

Яшчэ адной мэтай, паводле слоў Алены Болдак, з’яўляецца стварэнне асяроддзя, дзе б людзі пачалі размаўляць паміж сабой на тэму веры і Бога на падставе прагледжаных фільмаў.

«Кожны чалавек унікальны. І кожны бачыць у фільме менавіта тое, што для яго асабіста важнае. А іншы гэта можа ўвогуле не заўважыць. Таму, калі людзі пачынаюць дзяліцца сваімі ўражаннямі, гэта вельмі ўзбагачае ўсіх», — зазначае Алена.

З часу стварэння кінаклуба вернікі ўжо праглядзелі такія хрысціянскія стужкі, як «Франчэска» (рэжысёр Ліліяна Кавані), «У порце» (рэж. Элія Казар), шматсерыйны фільм «Дэкалог» (рэж. Кшыштаф Кіслеўскі).

На вясновы і летні перыяд кінапаказы часова прыпынены. Гэта звязана, як паведамілі арганізатары кінаклуба, з тэхнічнымі прычынамі.

Восенню плануецца працягнуць паказы. Наведвальнікі клуба ўбачаць на распачацце сезону працяг «Дэкалога», а таксама стужку «Святы Аўгустын» рэжысёра Крыстыяна Дзюге.

Марына Валасар,

Фота з архіва парафіі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.