Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Малітва, пост і міласціна — лекі, якія Касцёл рэкамендуе на Вялікі пост
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.02.2016 16:08

14 лютага, у І нядзелю Вялікага посту, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў мінскім архікатэдральным касцёле. Як сказаў арцыбіскуп у гаміліі, атмасфера сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла «дазваляе спадзявацца, што візіт Папы ў Беларусь сёння настолькі блізкі, як ніколі перад гэтым яшчэ не быў».

У гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі паразважаў над чытаннем Евангелля першай нядзелi Вялiкага посту, якое апавядае, як Езус пасцiўся ў пустыні 40 дзён i начэй i як Яго спакушаў д’ябал. «У гэты час Езус пацвердзiў, што любоў да свайго нябеснага Айца мацнейшая за ўсё iншае. Наша любоў да Езуса ў Вялiкi пост вядзе нас блiжэй да Яго i пераўзыходзiць усё, што нас аддзяляе ад Яго», — дадаў арцыпастыр.

Мітрапаліт нагадаў, што «ад пачатку свайго iснавання Касцёл рэкамендуе тры наступныя лекi на Вялiкi пост з мэтай вылечыць нас ад духоўнай хваробы, прывесцi блiжэй да Езуса i перамагчы грэх: малiтву, пост i мiласцiну». «Яны пацверджаны шматвяковым досведам Касцёла, дапамагаюць у барацьбе са злым духам, спакусамi i вядуць блiжэй да Езуса», — адзначыў іерарх.

Адасобленым месцам малiтвы, па словах Мітрапаліта, можа быць касцёл i адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая ў Год Божай Міласэрнасці кожны дзень адбываецца ў катэдры; разважанне Крыжовага шляху цi сумесная малiтва Ружанца ўсёй сям’ёй.

Пасцiцца, як адзначыў арцыпастыр, можна «не толькi i не столькi адмаўляючыся ад мясных страваў у некаторыя днi, але таксама абмяжоўваючы час прагляду тэлевiзара цi карыстання інтэрнэтам з мэтай больш часу прысвяцiць сям’i, вучобе, чытанню Святога Пісання», а найважнейшае — «можна пасціцца, перастаючы грашыць».

«Мiласцiна з’яўляецца выражэннем нашай любовi да Бога i патрабуючых. Калi мы любiм Бога, то мы таксама любiм людзей у нястачы i патрэбе i дапамагаем iм, бо яны таксама Божыя дзецi», — сказаў арцыбіскуп.

Мітрапаліт дадаў, што сёлетні Вялікі пост «увойдзе ў гісторыю хрысціянства, бо падчас яго ў Гаване на Кубе ўпершыню ў гісторыі сустрэліся Папа Рымскі Францішак і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, якія назвалі сябе братамі».

«З усёй адказнасцю прадстаяцелі Цэркваў заклікалі як католікаў, так і праваслаўных імкнуцца да еднасці і сумеснага хрысціянскага сведчання, да абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў, інстытуту сям’і і Божага дару жыцця, да захавання хрысціянскай ідэнтычнасці Еўропы. Яны таксама звярнуліся да палітычных і грамадскіх сіл з заклікам учыніць усё магчымае, каб спыніць пераслед хрысціян, якія змушаны пакінуць месцы гістарычнага прабывання», — нагадаў іерарх.

Па словах Мітрапаліта, «сустрэча паказала, што рубікон недаверу пройдзены і мы ўваходзім у новую эпоху нашых адносін», а атмасфера сустрэчы «дазваляе спадзявацца, што візіт Папы ў Беларусь сёння настолькі блізкі, як ніколі перад гэтым яшчэ не быў».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.