Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святкаванне ўспаміну святога Яна Боско прайшло ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.02.2016 17:07

31 студзеня, ва ўспамін св. Яна Боско, прадстаўнікі ўсіх галін Салезіянскай сям’і ў Беларусі, моладзь і госці — у цэлым каля 500 чалавек — сабраліся ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля на ўрачыстае святкаванне дня нараджэння для неба свайго заснавальніка.

Святую Імшу ўзначаліў Часовы павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі мансеньёр Марынко Антолавіч.

Асаблівымі пунктамі ўрачыстасці сталі падзяка за пражыты Юбілейны год 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боско і прэзентацыя дэвізу на 2016 год. Таксама прысутныя сталі сведкамі гістарычнай падзеі развіцця Салезіянскай сям’і ў Беларусі: было асвечана і ўручана салезіянам першае выданне Канстытуцыі Таварыства святога Францішка Сальскага на беларускай мове.

Кранальным падчас Імшы для Салезіянскай сям’і быў і момант, калі ксяндзы салезіяне і салезіяне супрацоўнікі аднаўлялі свае абяцанні вернасці Богу і харызме святога Яна Боско, кожны адпаведна свайму стану.

Рэгіянальны настаяцель Рэлігійнай каталіцкай місіі «Таварыства св. Францішка Сальскага» кс. Віктар Гайдукевіч SDB прывітаў усіх прысутных, падкрэсліўшы важнасць кожнага сабрата, кожнай сястры салезіянкі і салезіяніна супрацоўніка. Асаблівым чынам словы прывітання святар скіраваў да моладзі, служэнню якой паклікана ўся Салезіянская сям’я. Ксёндз Віктар Гайдукевіч пажадаў скарыстацца  магчымасцю падзякаваць Богу за дар святога Яна Боско і плённа перажыць гэтую Эўхарыстыю. «Мы моцная і дружная сям’я. І я спадзяюся, што праз гэтую ўрачыстасць мы не толькі адновім нашую салезіянскую духоўнасць, але і зачэрпнем неабходную творчую сілу для далейшай душпастырска-выхаваўчай працы ў стылі кс. Боско», — дадаў Рэгіянальны настаяцель.

Святы Ян Боско быў вельмі адданы і паслухмяны Святому Айцу. Салезіяне наследуюць свайго заснавальніка ў гэтым. Таму вялікім гонарам была прысутнасць на свяце прадстаўніка Апостальскай Сталіцы — Часовага паверанага ў справах Апостальскай Нунцыятуры мансеньёра Марынко Антолавіча. Святар прызнаўся, што вельмі рады раздзяліць гэтую ўрачыстасць з Салезіянскай сям’ёй, і падкрэсліў, што такія сустрэчы з’яўляюцца нібы лекамі для святара-дыпламата, які большую частку свайго часу працуе з дакументамі.

У гаміліі мансеньёр Марынко Антолавіч прыгадаў, што святы Ян Боско спрачаўся з Богам, пытаючыся ў Яго, чаму Ён нічога не робіць, каб дапамагчы патрабуючым, асабліва беднай моладзі. На гэта святы атрымаў адказ ад Бога: «Я ўжо зрабіў, Я стварыў цябе!» «Дарагая моладзь, дарагія дзеці, многія з вас маюць той самы узрост, як ксёндз Боско ці прарок Ерамія, у якім Бог звярнуўся да іх. Таксама і вас Бог любіць гарачай любоў, як любіў прарока Ерамію і ксяндза Боско. І таксама для кожнага з вас Бог мае свой план. Слухайце, маліцеся, прасіце Пана і дазвольце, каб Ён кіраваў вамі», — звярнуўся святар да малодшага пакалення.



Часовы павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры падкрэсліў, што кожны можа стаць падтрымкай і праяўленнем любові і клопату Бога для бліжняга. Вельмі важна, па словах святара, зрабіць тое, што кажа Пан, не апраўдваючыся занадта маладым узростам, няўменнем прамаўляць, як гэта было з прарокам Ераміяй, альбо недахопам часу ці стомленасцю; трэба ўстаць і пачаць рабіць тое, што кажа Бог. Мансеньёр Марынко Антолавіч дадаў, што і сёння свет мае патрэбу ў такіх постацях, як ксёндз Боско і прарок Ерамія, якія б сталі голасам Бога і мостам паміж Богам і чалавецтвам.

Таксама святар заклікаў не палохацца выпрабаванняў і цяжкасцяў, якія так часта сустракае чалавек, але якія былі і на шляху Езуса, Марыі і многіх святых. Мансеньёр Марынко Антолавіч заахвоціў заставацца вернымі хрысціянамі, засяродзіць увагу на магчымасцях даць сведчанне сваёй веры і любові, радавацца перад абліччам выпрабаванняў, якія дазваляюць даваць гэтае сведчанне. Напрыканцы гаміліі Часовы павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры пажадаў усім святасці і паўтарыў словы апостала Паўла: «Радуйцеся заўсёды ў Пану».

Святкаванне працягнулася ў араторыі, дзе салезіянская моладзь падрыхтавала праграму, якая працягвала разважанні на тэму радасці як шляху да святасці і адметнасці салезіянскай харызмы. Мэтай танцаў, тэатральных пастановак, спеваў і гульняў было паказаць, што радасць існуе, нягледзячы на штодзённыя клопаты, і да яе трэба імкнуцца; падкрэсліць каштоўнасць сям’і; расказаць, што харызма ксяндза Боско жыве і развіваецца. Таксама маладыя разважалі над дэвізам Салезіянскай сям’і на 2016 год. Вядучыя — хлопец Максім, які сустрэў ў сваім жыцці салезіян, і дзяўчына-робат Дзіяна — былі «гідамі» па гэтай праграме. Каб выканаць пастаўленую мэту, яны паклікалі на дапамогу шмат іншых людзей з адкрытымі сэрцамі, гатовымі дзяліцца сваім досведам і ўменнем радавацца ў Пану.



Таксама былі ўручаны медалі пераможцам і лепшым гульцам пятага юбілейнага турніру па мікра-футболе «Кубак Дона Боско».

Салезіянская сям’я прыклала шмат намаганняў, каб урачыстае святкаванне ўспаміну святога Яна Боско прайшло ў лучнасці з Генеральным настаяцелем ксяндзом Анхэлем Фернандэсам Арцімэ SDB і салезіянскімі пляцоўкамі ва ўсім свеце. Таму, акрамя дэвізу, да свята былі перакладзены на беларускую мову відэазварот з віншаваннямі кс. Анхэля Фернандэса Арцімэ і «Пасланне Генеральнага настаяцеля да моладзі з усіх салезіянскіх пляцовак у свеце з нагоды ўрачыстасці святога ксяндза Боско», якое прачытаў кс. Павел Шчарбіцкі SDB напрыканцы праграмы.

Свята завяршылася благаслаўленнем, якое ўдзяліў прысутным мансеньёр Марынко Антолавіч, пасілкам і цёплымі размовамі прыхільнікаў салезіянскай харызмы.

Паводле www.sdb.by

(AG)

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.