Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырская сустрэча духавенства адбылася ў магілёўскай парафіі Св. Антонія
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.11.2015 11:14

У сустрэчы прынялі удзел святары з Магілёва, Чавусаў, Асіпавічаў, Крычава, Шклова, Горкаў, Глуска, манахіні Кангрэгацыі Сясцёр святой Ядвiгi ад Беззаганнай Багародзiцы Панны Марыi (ядвiжанкi), Кангрэгацыі Сясцёр св. Дамiнiка (дамініканкi), Кангрэгацыі Сясцёр Мiсiянерак Святой Сям’i. Узначаліў сустрэчу дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Сустрэча пачалася супольнай малітвай літургіі гадзінаў і духоўнай канферэнцыяй, якую падрыхтаваў айцец Віталій Чабатар. У прамове святар найперш імкнуўся прадставіць супольнасць місіянераў клярэтынаў.

«Абвяшчаць Божае слова на ўзор св. Антонія Марыі Клярэта», — так перадаў сутнасць харызмату сваёй супольнасці а. Віталій Чабатар. Святар звярнуў асаблівую ўвагу на сродкі, якімі карыстаўся святы: «Малітва — у першую чаргу св. Антоні Марыя Клярэт быў чалавекам малітвы і заўважаў, што без малітвы нічога не атрымаецца. Сам праводзіў некалькі гадзін штодзённа на малітве. Меў вялікае набажэнства да Эўхарыстыі. Катэхізацыя дзяцей — адна з самых галоўных рэчаў, якія павінен рабіць місіянер, гэта сеяць у дзіцячых душах, вучыць іх катэхетычным праўдам. Катэхізацыя дарослых – таксама вельмі важная рэч. Ён заўважыў, што перш чым гаварыць прыгожыя пропаведзі, варта навучыць людзей простым рэчам, такім як праўды веры. Пропаведзі – а. Кларэт казаў, што катэхеза патрэбна для навучання, а казанне — да парушэння сэрцаў. На пропаведзі абвяшчаў Божае слова, якое вельмі добра ведаў. Раздаванне добрай літаратуры, медалікаў, ружанцаў, абразкоў і г.д.».


«Адным словам, — зазначыў а. Віталій Чабатар, — наш заснавальнік выкарыстоўваў усе даступныя сродкі, якія меў. Таму клярэтыны, як слугі Слова, пасланы да ўсіх людзей, а асабліва да ўбогіх і пакінутых. Яны распачынаюць справу евангелізацыі ва ўсялякіх умовах у тым ліку цяжкіх. Місіянеры працуюць у месцах, куды цяжка дабрацца, і там, куды ніхто не хоча ісці, у так званых бесперспектыўных раёнах. Некаторыя біскупы жартам кажуць, што клярэтыны — гэта “спецназ Касцёла”. Сыны Сэрца Марыі не цураюцца ніякай працы, абы толькі Бог быў знаны, любімы і каб усе Яму служылі».

Пасля духоўнай канферэнцыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць таксама прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У гаміліі, якая была сканцэнтравана на літургічных чытаннях гэтага дня, іерарх заклікаў да бескампраміснасці адносна зла, якое існуе ў жыцці.

«Нам усім трэба вучыцца ад маці з першага чытання Другой Кнігі Макабэяў, якая, бачачы смерць сваіх шасці дзяцей, заахвочаная каралём пайсці на кампраміс, сама трывае ў вернасці Божаму Закону і ўмацоўвае ўсіх сваіх дзцей», — заклікаў біскуп.

Пасля Імшы адбыўся сумесны пачастунак. Затым біскуп Аляксандр Яшэўскі перадаў прывітанне ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і падзякаваў за ініцыятывы, якія адбыліся ў Магілёўскім рэгіёне ў апошні час. Іерарх азнаёміў удзельнікаў сустрэчы з падзеямі, якія рыхтуюцца ў архідыяцэзіі ў бліжэйшы час. Паколькі набліжаецца перыяд Адвенту, іерарх заахвоціў душпастыраў выкарыстаць гэты час для духоўнай падрыхтоўкі вернікаў да святаў Божага Нараджэння.

Паводле mohylev-katolik.by

(АлГ), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.