Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі з Маладзечна, Палачан і Беразінскага здзейснілі пілігрымку па Нарачанскім краі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.10.2015 16:04

10 кастрычніка па благаслаўленні дэкана Маладзечанскага кс. Эдмунда Даўгіловіча і пробашча парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне а. Анатоля Ярошкі адбылася пілігрымка 106 чалавек з Маладзечна, Палачан і Беразінскага пад кіраўніцтвам кс. Сяргея Бараўнёва па Нарачанскім краі. Галоўнай інтэнцыяй пілігрымкі была малітва за Сінод Біскупаў на тэму сям’і, які адбываецца ў Рыме, і за сем’і, а цэнтральным пунктам стаў мядзельскі касцёл і Крыжовы шлях на мядзельскай Кальварыі.

Больш за 20 удзельнікаў пілігрымкі прынялі шкаплер Маці Божай, абяцаючы штодзённа прамаўляць малітву “Тваёй абароне аддаемся, святая Багародзіца”.

Надвор’е спрыяла малітве падчас Крыжовага шляху, а напрыканцы з высокага месца алтара ўдзельнікам пілігрымкі адкрыўся прыгожы выгляд Нарачанскага краю, з азёрамі і лясамі.

Пасля малітвы за Папу Францішка вернікі атрымалі благаслаўленне і адпуст. Увесь час імі апекаваўся айцец кармэліт Юрый Кулай, вікарый мядзельскай парафіі.


Далейшы шлях быў да Паставаў, дзе пілігрымы былі ўражаны прыгажосцю касцёла св. Антонія і шматфункцыянальнай інфраструктурай парафіі. Таксама яны пабачылі там касцёльны музей, парафіяльны цэнтр, у якім змясціліся катэхэтычныя класы, вялікі рэфектарый, спартзал, скаўцкі пакой, памяшканні для летніка на 20 чалавек, сталоўку для бедных і рытуальны зал, дзе змяшчаецца труна з памерлым для малітвы і наведвання роднымі і блізкімі да пахавання. Экскурсію для пілігрымаў правёў пробашч парафіі айцец сэрцанін Андрэй.

Затым пілігрымы накіраваліся ў Камаі, дзе пабачылі касцёл св. Яна Хрысціцеля. Пробашч кс. Яцэк Хутман з энтузіязмам распавёў пра касцёл і парафію, яе былое і будучыню. Пілігрымы трапілі туды ў час падрыхтоўкі святыні да наведвання біскупа і канфірмацыі, асвячэння памятных дошак кс. Казіміра Сваяка і музыканта-земляка Браніслава Руткоўскага, алтара св. Ежы Папялушкі. Сустрэча пілігрымаў з Камаямі скончылася канцэртам парафіяльнай арганісткі Алены, якая ўжо выдала два кампакт-дыскі са сваімі творамі.


Затым шлях вернікаў пралягаў у Лынтупы, дзе яны наведалі велічны касцёл, заўважылі, як дбае пра яго пробашч кс. Павел Кнурэк.

Наступным пунктам пілігрымкі быў касцёл св. Мікалая ў Свіры і святая Імша. Ужо на вуліцы вернікаў сустракаў пробашч кс. Багуслаў. У касцёле пілігрымы трапілі на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовае набажэнства, дзе парафіяне таксама маліліся за Сінод Біскупаў у Рыме. Падчас Імшы ў гаміліі пілігрымы яшчэ раз пачулі заклік Найсвяцейшай Панны Марыі да малітвы на ружанцы разам з Ёй для выратавання грэшнікаў, а потым пачулі гісторыю святыні і планы на будучыню. Ахвотныя былі напоены гарбатай і кавай.

Па дарозе дадому пілігрымы наведалі касцёл св. Юды Тадэвуша ў Вішневе, дзе памаліліся Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі і малітву да св. Юзафа, паслухалі аповед пра гэтую святыню. Вернікаў уразіў вялікі прыгожы абраз св. Юзафа ў галоўным алтары і стацыі Крыжовага шляху.

У планах наступная пілігрымка па Нальшанскім краі (Валожын, Вішнева, Багданава, Гальшаны, Баруны, Крэва, Смаргонь і Залессе), якая пройдзе 7 лістапада. Усе жадаючыя запрашаюцца запісвацца ў парафіях Беразінскага і Палачан.

Тэлефон для даведак:

+375 29 116 26 65

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.