Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
25-годдзе аднаўлення сваёй дзейнасці адзначыў касцёл у Свіры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.08.2015 17:53

2 жніўня касцёл св. Мікалая, біскупа, у Свіры святкаваў 25-годдзе аднаўлення сваёй дзейнасці пасля трох дзесяцігоддзяў знішчэння. З гэтай нагоды святыню наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў yрачыстую Імшу-падзяку і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

Свірскі касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі ў 1961 г. З 1980 г. у ім знаходзіўся Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання. Аднак вернікі дабіваліся вяртання святыні, што і ажыццявілася ў 1990 г.

“Сёння мы дзякуем Богу за гэты дар. Дзякуем усім тым, хто 25 гадоў таму адстойваў правы вернікаў і дабіўся вяртання касцёла парафіяльнай супольнасці. Дзякуем таксама і дзяржаўным уладам, якія тады добра прачыталі знакі часу і пайшлі насустрач справядлівым пажаданням вернікаў. Няхай жывым Бог благаславіць, а памерлых прыме ў сваё Валадарства”, - сказаў у гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыпастыр падзякаваў таксама святарам і законным сёстрам, якія служылі і працягваюць служыць у касцёле, падзякаваў вернікам за клопат аб святыні і выказаў надзею, што яна і далей будзе служыць духоўнаму ўдасканаленню людзей.

Разважаючы над чытаннем Евангелля, арцыбіскуп звярнуў увагу, што “Хрыстус перасцерагае, каб мы клапаціліся не пра каштоўнасці, якія прамінаюць, але пра каштоўнасці, якія застаюцца, пра хлеб, які вядзе ў вечнае жыццё”.

Кажучы пра сакрамэнт канфірмацыі, які прымалі ў гэты дзень вернікі ў свірскай парафіі - сакрамэнт хрысціянскай сталасці, - іерарх нагадаў: “Касцёл хоча бачыць у нас сталых, а не хісткіх хрысціян. Хоча бачыць такіх, якія супрацьстаяць амаральным выклікам часу; плывуць супраць цячэння, а не па цячэнні секулярнага і далёкага ад духу Евангелля жыцця; бароняць хрысціянскія каштоўнасці, а не адмаўляюцца ад іх; з’яўляюцца сведкамі сваёй хрысціянскай веры, а не хаваюць галаву ў пясок, як страўс, баючыся публічна прызнацца ў ёй”.

“Гэта няпроста, асабліва ў наш поўны небяспечных выклікаў, духоўных пагроз і спакусаў час. Аднак Хрыстус праз свой Касцёл умацоўвае нас, каб мы былі сапраўднымі хрысціянамі, якія жывуць паводле Божага закону і на кожным кроку свайго жыцця з’яўляюцца сведкамі Евангелля, - дадаў Мітрапаліт. - Асаблівай дапамогай для нас з’яўляецца сакрамэнт канфірмацыі, у якім Святы Дух умацоўвае нашы духоўныя сілы, каб са слабых учыніць нас герольдамі веры і яе веснікамі. У дзень Пяцідзясятніцы апосталы прынялі дары Святога Духа і змяніліся кардынальна, аж да таго, што не пабаяліся аддаць сваё жыццё за Хрыста і Касцёл. Дзякуючы ім і іх наступнікам Евангелле прыйшло і на нашу зямлю”.

Па словах арцыбіскупа, касцёл у Свіры ў гэты дзень “пачынае пісаць новую старонку сваёй біяграфіі, багатай і адначасова трагічнай”. Мітрапаліт пажадаў, каб гэтая біяграфія была шчаслівай і каб гэты касцёл быў “месцам новай Пяцідзясятніцы, “каб мы разам з апосталам Пятром маглі казаць: “Пане, да каго мы пойдзем, Ты маеш словы вечнага жыцця””.


(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.