Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Касцяневічах (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.06.2015 15:37

28 чэрвеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах. Падчас Імшы арцыбіскуп удзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі.

У Эўхарыстыі ўдзельнічалі таксама кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, кс. Юрый Бараўнёў, кс. Юзаф Сярпейка і пробашч парафіі ў Касцяневічах кс. Пётр Пятрага, які святкаваў у гэты дзень юбілей 60-годдзя.

У гаміліі, разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, Мітрапаліт адзначыў, што яны нагадваюць аб дары вечнага жыцця. “Для тых, хто вядзе справядлівае жыццё, існуе абсалютна іншае ўспрыняцце свету. Яны жывуць надзеяй на вечнае жыццё ў Божым Валадарстве. Хаця фізічна мы знаходзімся ў гэтым свеце, на самой справе мы не з гэтага свету, бо створаны па вобразу і падабенству Божаму і пакліканы ўвайсці ў Яго вечнае Валадарства”, - нагадаў іерарх.

Разважаючы над чытаннем Евангелля, якое распавядае, як Езус аздаравіў дачку кіраўніка сінагогі Яіра і жанчыну, якая 12 гадоў хварэла на крывацёк, арцыпастыр адзначыў, што варта задаць сабе пытанні: “Ці мы таксама павінны цярпець, каб вярнуцца да Бога? Атрымаўшы абяцанне вечнага жыцця праз сакрамэнт хросту, ці пілігрымуем мы нашым жыццёвым шляхам з верай у Хрыста, каб заслужыць вечнае жыццё? Ці часта спавядаемся, каб ачысціць свае душы ад граху? Ці часта прымаем удзел у Эўхарыстыі? Ці сваім штодзённым жыццём сведчым наша хрысціянства?”


“Мы добра ведаем, што такое дабро, аднак чынім зло, - дадаў Мітрапаліт. - У той жа час мы ведаем, што мы не адны. Езус сказаў, што застанецца з намі ўвесь час. Ён прысутны ў Святым Пісанні, сакрамэнтах і ўсёй дзейнасці Касцёла”.

Арцыбіскуп нагадаў, што сакрамэнт канфірмацыі, які прымалі ў гэты дзень вернікі ў парафіі,  – “гэта сакрамэнт Святога Духа, які сваімі сямю дарамі ўмацоўвае нашы духоўныя сілы, каб мы маглі супрацьстаяць спакусам д’ябла, мужна адказвалі на небяспечныя выклікі часу, распаўсюджвалі веру і яе баранілі, а таксама былі яе сведкамі”.  

“Сёння неабходна абвяшчаць Евангелле не толькі паганам, але і народам з багатай хрысціянскай традыцыяй, бо многія яго забыліся і нават адмовіліся ад Бога. Такіх людзей называюць непрактыкуючымі і нават няверуючымі хрысціянамі, тымі, якія памерлі духоўна і таму не набліжаюцца да Божага Валадарства. У іх душах валадарыць не Езус, але злы дух. І нашым заданнем ёсць дапамагчы ім, а для гэтага найперш самім неабходна быць моцнымі сваёй верай”, - падкрэсліў іерарх.


Віншуючы пробашча парафіі ксяндза Пятра Пятрагу з 60-годдзем, Мітрапаліт сказаў яму: “Ты мужна стаіш на варце захавання веры ў нашым народзе. Не толькі рамантуеш Божы дом, але і будуеш жывы Касцёл з людскіх душ. Аб гэтым сведчыць і сённяшняе набажэнства, і гэтыя падрыхтаваныя да сакрамэнту канфірмацыі людзі, і адноўленая святыня. Няхай добры Бог і далей благаславіць табе ў святарскім служэнні”.

Угадваючы пра тое, што на наступны дзень, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, святар адзначае імяніны, Мітрапаліт пажадаў яму таксама быць “Пятром нашага часу” і вучыць людзей “паўтараць словы свайго нябеснага апекуна: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця””.    

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.