Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Жодзіне прайшла сустрэча міністрантаў: «Галоўнае – не перамога, а паяднанне»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.04.2015 12:50

«Галоўнае – не перамога, а паяднанне»: пад такім дэвізам 10-11 красавіка прайшла сустрэча міністрантаў у парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. Такія сустрэчы сталі звычайнымі для каманд з марыянскіх парафій Жодзіна, Барысава і Мінска, а прадстаўнікі Маладзечна і Полацка ўдзельнічалі ў першы раз.

Змены адбыліся не толькі ў складзе удзельнікаў, але і ў самой праграме мерапрыемстваў. Адным з сюрпрызаў для хлопцаў стала наведванне матчу “БАТЭ-Славія” напярэдадні турніра. Гэта было не толькi прыемным баўленнем часу, але і паўнавартасным майстар-класам для міністрантаў, якіх саміх назаўтра чакалі спаборніцтвы па футболе.

Раніцай 11 красавіка каманды сабраліся на інтэлектуальнай гульні, падчас якой адказвалі на пытанні, якія тычыліся літургічных ведаў. Пытанні былі няпростымі, але ўсе каманды спраўляліся з імі на “выдатна”, і нават самыя малодшыя прымалі актыўны ўдзел у супольных абмеркаваннях.

Каб забяспечыць сабраным змену дзейнасці, наступным пунктам праграмы стала выпрабаванне спрытнасці – настольны футбол. Менавіта гэтае спаборніцтва – сапраўдная “фішка” сустрэчы. Паколькі не ў кожнай парафіі ёсць гэтая гульня, госці заўсёды асабліва радуюцца менавіта ёй, хоць і звычайна саступаюць у гэтым відзе спаборніцтваў камандзе гаспадароў.


Галоўным момантам сустрэчы стала святая Імша, падчас якой а. Андрэй Сідаровіч MIC, папярэджваючы наступны пункт праграмы, у гаміліі стараўся данесці да хлопцаў думку пра тое, што сапраўдная сіла – у адзінстве, нават калі гаворка ідзе аб супрацьстаянні на футбольным полі. Святар падкрэсліў, што мэта такіх сустрэч – не перамога той ці іншай каманды, не спаборніцтвы і розыгрыш кубка, а сапраўднае паяднанне ў хрысціянскай любові.

З такім настроем каманды накіраваліся ў жодзінскую школу №8, дзе іх чакалі заўзятары – парафіяльныя дзяўчаты і некаторыя бацькі, а таксама рэферы – жодзінская парафіянка, якая мае дыплом лепшага футбольнага суддзі Беларусі 2010 года. Матчы праходзілі ў відовішчнай атмасферы, да апошняй хвіліны было невядома, хто пераможа. Фінальныя два матчы вывелі на першае месца ў агульным ліку полацкую  каманду. На другім месцы аказалася каманда з Маладзечна, трэцяе падзялілі паміж сабой Мінск і Жодзіна, а “драўляным медалістам” стала каманда Барысава.

Момант, калі напрыканцы ўсе ўзяліся за рукі і разам сталі маліцца “Ойча наш”, стаў пацвярджэннем дэвізу сустрэчы: “Галоўнае – не перамога, а паяднанне”.

Паліна Грыб

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.