Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Маладзечне: Таямніца смерці і Уваскрасення Хрыста – вяршыня любові Бога да чалавека
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.04.2015 19:24

12 красавіка, у ІІ Велікодную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле св. Юзафа ў Маладзечне.

Падчас Імшы ў гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што Уваскрасенне Езуса стала новым дасведчаннем для Яго вучняў: “Хаця Езус шмат разоў гаварыў ім аб чакаючых Яго цярпеннях, крыжовай смерці і Уваскрасенні, яны не маглі прыняць гэтага. Больш за тое, паведамленне жанчын-міраносіц аб Яго Уваскрасенні стала для іх новым выклікам і нават прычынай іх незвычайнай баязлівасці”.

Разважаючы над чытаннем Евангелля на гэты дзень, Мітрапаліт заўважыў, што яно распавядае, як ад страху вучні Езуса “пераходзяць да радасці, ад ізаляцыі да місіі, ад адсутнасці да прысутнасці, ад нявер’я да веры, ад проста існавання да новага жыцця”. “Езус удыхнуў у апосталаў Святога Духа, дзякуючы якому яны сталі здольнымі да місіі абвяшчаць Добрую Навіну. Езус адарыў іх сваім супакоем і моцай адпускаць грахі з мэтай паяднання людзей Богам і паміж сабой”, - дадаў іерарх

Па словах Мітрапаліта, у гэтым чытанні Евангелля можна ўбачыць тры ідэі: місія, якую Езус уручыў апосталам; тое, што, каб верыць, неабходна ўбачыць; і, не бачачы, паверыць.

“Усе яны адносяцца да нас. Як хрысціяне мы атрымалі місію сведчыць пра Хрыста і Яго Евангелле. Адраджэнне Касцёла павінна быць новым стымулам для ўмацавання нашай веры. І нарэшце, не бачачы Езуса, мы паверылі. Менавіта таму Езус называе такіх благаслаўлёнымі. Больш за тое, тры пакаленні вера на нашай зямлі пераследавалася, людзі не бачылі ні касцёлаў, ні святароў, аднак захавалі веру. Таму яны сапраўды благаслаўлёныя”, - адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Нагадваючы аб тым, што ў ІІ Велікодную нядзелю Каталіцкі Касцёл адзначае свята Божай Міласэрнасці, устаноўленае св. Янам Паўлам II, арцыпастыр сказаў: “У аб’яўленнях св. Фаўстыне Кавальскай Езус выказаў пажаданне адзначаць гэтае свята менавіта ў гэтую нядзелю. І тут ёсць свая логіка. Пасхальная таямніца смерці і Уваскрасення Хрыста – гэта вяршыня любові Бога да чалавека, якую мы асаблівым чынам адзначаем падчас Велікоднай актавы, святкуючы яе як адзін дзень Уваскрасення Езуса”.

Арцыбіскуп дадаў, што на жыццёвым шляху, “поўным розных небяспек і турбуленцый”, неабходна даверыцца Богу, і “Ён абароніць і шчасліва давядзе да мэты нашага жыцця”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.