Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У свята Божай Міласэрнасці Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў Лебедзеве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.04.2015 15:39

12 красавіка, у ІІ Велікодную нядзелю, свята Божай Міласэрнасці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Лебедзеве. У гэты дзень у парафіі адбылося асвячэнне новага алтара Езуса Міласэрнага, стацый Крыжовага шляху, новага канфесіянала і сакрамэнт канфірмацыі.

“Перапоўненыя велікоднай радасцю, якую мы сёння раздзяляем з нашымі праваслаўнымі братамі і сёстрамі, мы сабраліся ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса, - сказаў, звяртаючыся да парафіян, Мітрапаліт у гаміліі. - Прабітае дзідай Сэрца Езуса з’яўляецца крыніцай Божай міласэрнасці. Пасхальная таямніца цярпенняў, смерці і Уваскрасення Езуса сведчыць аб бязмежнай Божай міласэрнасці, бо мы, грэшныя, былі збаўлены з палону граху справядлівым Езусам, які за гэта заплаціў сваім жыццём”.

Чытанне Евангелля гэтага дня, як адзначыў арцыпастыр, прадстаўляе апосталаў, якія замкнуліся ў Вячэрніку, бо баяліся пераследу з боку кіраўнікоў габрэйскага народу. “Што ў такіх абставінах мог зрабіць Езус, каб дапамагчы ім перамагчы страх?  Ён з’явіўся перад імі, нягледзячы на тое, што дзверы Вячэрніка былі зачыненыя. Ён удыхнуў у іх Святога Духа і сказаў, што падобна таму, як Яго паслаў нябесны Айцец, так і Ён іх пасылае. Моцаю Святога Духа яны былі ажыўленыя і выйшлі з вязніцы, у якую самі сябе зачынілі, каб быць сведкамі Уваскрослага Пана”, - нагадаў іерарх.

“Часта мы знаходзімся ў сітуацыі апосталаў і зачыняемся ў сваім сховішчы, не хочучы нікога дапусціць да сябе. Падобна да апосталаў, мы можам адчуваць спакусу спыніць наша падарожжа веры. Імкненне самааховы можа перашкодзіць нам у выконванні нашых абавязкаў і таго, што мы можам зрабіць з Божай дапамогай. Духоўныя раны, якія мы носім у сабе, і няздзейсненыя ініцыятывы нярэдка становяцца прычынай таго, што мы саромеемся паспрабаваць яшчэ раз”, - дадаў арцыбіскуп.

“У той жа час сённяшняе Евангелле прапануе нам шлях, як выйсці з самаізаляцыі. Калі Магдалена не можа падзейнічаць на нас, то Хрыстус знойдзе адпаведны шлях, як увайсці ў наша жыццё і напоўніць нас сваім Духам, каб мы былі Яго сведкамі ў сучасным свеце. Ніякія зачыненыя дзверы не могуць утрымаць Яго. Для гэтага Ён патрабуе нашай адкрытасці і жадання стаць такімі, якімі Ён хоча, каб мы былі. Уваскрослы Езус ніколі не перастане шукаць нас, каб аднавіць духоўна. У гэтым праяўляецца Яго бязмежная міласэрнасць”, - звярнуў увагу Мітрапаліт.

Кажучы аб свяце Божай Міласэрнасці, іерарх падкрэсліў: “Справа збаўлення чалавека – гэта найвышэйшае праяўленне Божай міласэрнасці. Але гэтым Божая міласэрнасць не абмяжоўваецца, яна не статычная, але дынамічная. Успомнім яшчэ нядаўнія часы ганенняў на Касцёл у нашай краіне. Здавалася, што са смерцю апошняга святара настане канец Касцёла. Аднак Бог паказаў, што не. І сёння мы бачым Касцёл, які адраджаецца, аб чым сведчыць і новы касцёл у Лебедзеве, і сённяшняе набажэнства”.

Асвячаемы алтар Езуса Міласэрнага, па словах іерарха, будзе нагадваць аб бязмежнай Божай міласэрнасці. На ім Езус знаходзіцца ў дынамічнай позе, што, як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, “указвае на тое, што Ён ідзе да нас” – “неабходна толькі кінуцца ў Яго абдымкі”. Крыжовы шлях, па словах Мітрапаліта, “будзе прыпамінаць аб таямніцы нашага збаўлення, аб тым, якой цаной мы былі збаўлены, аб тым, які жудасны грэх, бо за выбаўленне з яго палону неабходна было заплаціць жыццём Божага Сына”. Канфесіянал арцыпастыр назваў “шпіталем ад духоўнай хваробы, асаблівым месцам, дзе чалавек зведвае Божую міласэрнасць”.

Сакрамэнт канфірмацыі, як дадаў Мітрапаліт, “з’яўляецца не чым іншым, як новым спасланнем Святога Духа на прымаючых яго”. “Гэта таксама праяўленне Божай міласэрнасці, што мы не пакінуты самі сабе, што з намі заўсёды Міласэрны Езус, які пасылае Святога Духа, каб ён ажыўляў нас і вёў шляхам Евангелля”, - патлумачыў іерарх.

Арцыбіскуп заахвоціў вернікаў “адчыніць дзверы сваіх сэрцаў і душаў на Езуса, на Яго бязмежную міласэрнасць”, а “Ён праз Духа Святога адновіць нас і аблічча нашай зямлі”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.