Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Яна імкнулася быць духоўным чэмпіёнам»: урачыстасці пахавання с. Апалоніі Сінкевіч у Свіры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.04.2015 13:08

9 красавіка ў парафіі Святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мінска-Магілёўская дыяцэзія) адбыліся ўрачыстасці пахавання с. Апалоніi Сімеоны Сінкевіч з Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыi.

Пахавальныя ўрачыстасці ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У Імшы прынялі ўдзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, законныя сёстры супольнасці, да якой належыла спачылая, і вернікі. Да малітвы далучылася шмат дзяцей і моладзі са свірскай парафіі, удзячныя памерлай сястры Апалоніі за веру і яе абарону ў складаныя для Касцёла часы.

Cястра Апалонія ў манаскай супольнасці пражыла больш за 78 гадоў, у 1937 годзе ў Новым Месце над Піліцай (Польшча) склаўшы першыя законныя шлюбы. Адышла да Пана ва ўзросце 97 гадоў.

«Некаторым Бог не дае столькі пражыць, колькі сястра правяла ў манаскай супольнасці, заўсёды застаючыся вернай свайму пакліканню», — заўважыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, распачынаючы гамілію.

«Яна пажадала жыць паводле хрысціянскіх радаў: беднасці, паслухмянасці і чысціні, каб у гэтым служыць Богу да канца. Увесь час старалася падтрымліваць у сабе вобраз Бога, — дадаў арцыбіскуп, — яе жыццё праходзіла такім чынам, каб кожны яго момант быў служэннем Богу, а тым самым — служэннем чалавеку».

Іерарх яшчэ раз падкрэсліў праблему сучаснага свету, які «перажывае матэрыялістычны атэізм» і якому трэба паказаць, што матэрыяльныя каштоўнасці не з’яўляюцца мэтай жыцця.

«У памерлай с. Апалоніі мы сёння бачым таго, хто супрацьпаставіўся сучасным выклікам часу, дзе пануюць толькі прыемнасці, неўпарадкаванае сексуальнае жыццё, дзе людзі імкнуцца толькі да матэрыяльных каштоўнасцяў, усімі праўдамі і няпраўдамі квітнее карупцыя і ўсе прагнуць улады. Сястра ж паказвае нам іншы спосаб жыцця — паводле евангельскіх радаў, які ідзе супраць цячэння сучаснага свету», — сказаў арцыбіскуп.

Арцыпастыр назваў спачылую законніцу духоўным чэмпіёнам, марафонцам, прыводзячы ў прыклад яе трывалы дух і моцную веру.


«Мая Айчына ў небе»

У прыгожы вясновы дзень цела спачылай сястры Апалоніі было перанесена праз Свір на мясцовыя могілкі, дзе яе пахавалі каля магілы кс. дэкана Казіміра Шылэйкі, 55-ю гадавіну смерці якога адзначалі ў гэтым годзе.

«Там, у небе, мая Айчына, над рэкамі чыстых водаў яна, як сляза. Там, дзе шэрагі збаўленых радуюць сваё вока светласцю адзення свайго», — словамі гэтай песні парафіяльны хор развітваўся з сястрой Апалоніяй, якая нібыта разам з прамінаючым светам жадала прамовіць да кожнага ўдзельніка пахавальнай урачыстасці.

«Там, у небе, там, у небе, мая айчына там», — словы прыпеву перагукваліся з чарговымі радкамі куплетаў ўзрушальнага спеву. Праз усё сваё зямное жыццё, служачы Богу і людзям, законніца накіроўвалася да гэтага пераходу, да гэтага расстання…

Даведка: Сястра Апалонія Сімеона Сінкевіч нарадзілася 16 чэрвеня 1918 года ў вёсцы Стукі, у парафіі Хадуцішкі Віленскай дыяцэзіі, Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер Рэспубліка Літва). Скончыла чатыры класы польскай школы. 21 студзеня 1934 года, ва ўспамін святой Агнешкі, будучы на сустрэчы для дзяўчат, якое праводзіў мясцовы святар, адчула глыбокае прагненне прысвяціць сябе Богу, а дакладней ахвяраваць Богу сваё жыццё як уміласціўленне за грахі людзей. Вялікую ролю ў адкрыцці яе паклікання і пошуках духоўнай дарогі адыграў ксёндз Адам Вайцяхоўскі. Гэта ён накіраваў сястру Апалонію ў законную супольнасць Дачок Марыі Беззаганнай, у якую яна і ўступіла напрыканцы таго ж года.

2 лютага 1937 года ў Новым Месце над Піліцай (Польшча) яна склала першыя законныя шлюбы. У хуткім часе пасля гэтага яе накіравалі ў Вільню, дзе яна выконвала розныя абавязкі ў кухні дзіцячага дома, якім апекаваліся сёстры. 28 снежня 1941 года сястра Апалонія склала вечныя шлюбы. Падчас вайны працавала ў Вільні. Пасля вайны некаторыя сёстры выехалі ў Польшчу, але некаторыя засталіся. Улады забралі пральню сясцёр, але дазволілі ім там працаваць. Было вельмі цяжка. Апрача таго, трэба было і катэхізаваць. Сястра Апалонія патаемна ездзіла ў навакольныя вёскі і рыхтавала дзяцей да Першай Камуніі і споведзі.

У 1977 годзе сястра Апалонія прыехала на новае месца працы, як ёй здавалася, часова - у Свір, але заставалася там да сённяшняга дня. Дом сясцёр у Свіры існаваў з 1960 года. Тут яна разам з сёстрамі Хэленай Тышко і Ядвігай Субко служылі людзям у цяжкі час, калі касцёл быў зачынены. Пакуль касцёл не дзейнічаў, пачынаючы з 1960 па 1990 год Найсвяцейшы Сакрамэнт захоўваўся ў доме сясцёр. На працягу гэтага часу сёстры катэхізавалі дзяцей і дарослых, накіроўвалі да святароў людзей, якія прагнулі паспавядацца, ахрысціць дзяцей, узяць шлюб, падтрымлівалі святароў малітвай і сваёй працай.

21 лістапада 2004 года, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара, кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у свірскім касцёле ўручыў сястры Апалоніі Сінкевіч папскую адзнаку «Bene merenti» («За заслугі»).

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.