Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у велікодны панядзелак: Пасхальная таямніца адкрыта на кожнага з нас, каб адарыць новым жыццём
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.04.2015 21:35

6 красавіка, у велікодны панядзелак, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску.

“Дзякуючы крыжовай смерці Езуса і Яго слаўнаму Уваскрасенню мы былі вызвалены з палону граху і нам былі адчынены замкнёныя з часоў Адама і Евы брамы раю. Мы атрымалі свабоду дзяцей Божых і новую надзею на вечнае жыццё. Гэта вялікі дар і адначасова заданне”, - сказаў Мітрапаліт у гаміліі.

Таму, заўважыў арцыпастыр, “праўда Уваскрасення не павінна заставацца толькі на старонках Евангелля і на паліцах бібліятэк”: “яна павінна быць у нашым жыцці”.

“Міласэрны Хрыстус нас чакае. Пасхальная таямніца – гэта найвышэйшае праяўленне Божай міласэрнасці. Гэтая таямніца адкрыта на кожнага з нас, каб адарыць нас новым жыццём”, - падкрэсліў іерарх.

“Нельга дазволіць, каб спакусы злога духа сталі той сцяной, якая нас аддзяляе ад Бога, - дадаў арцыбіскуп. - Калі мы радуемся з Уваскрасення Хрыста, то адначасова павінны моцна працаваць над сабой, каб захаваць веру і пазбягаць граху”.

“Уваскрасенне Хрыста зрабіла магчымым і наша духоўнае ўваскрасенне ў гэтым жыцці і адкрыла дарогу да шчасця ў вечнасці, - адзначыў Мітрапаліт. - На жаль, не ўсе пагаджаюцца з тым, каб ажыццявіць гэту дарогу ў Касцёле і з Касцёлам. Яны хацелі б ісці выбранымі самімі сабой шляхамі. Ёсць і такія, якія кажуць, што вераць у Бога, але не вераць у Касцёл. На гэтае пытанне неабходна адказаць пытаннем: а адкуль мы ведаем пра Бога, адкуль ведаем пра Уваскрасенне Езуса, адкуль ведаем пра навяртанне тысяч людзей у Ерузалеме пасля казання апостала Пятра? Ад таго ж самага Касцёла, які ў той час складаўся з апосталаў і малой колькасці паслядоўнікаў Хрыста”.

Іерарх нагадаў таксама словы святога Кіпрыяна, што той, хто не прызнае Касцёл за сваю духоўную Маці, не можа прызнаваць Бога сваім Айцом.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Мітрапаліт падкрэсліў, што неабходна “звярнуцца да Хрыста як да сапраўднага святла”, “пакінуць Яму свае клопаты, якія абмяжоўваюць нас, нашы страхі і наша рассейванне”: “толькі тады наша велікодная радасць будзе мець сапраўдны сэнс і толькі тады будзе весці да паўстання з магілы грахоў, каб быць людзьмі ўваскрасення”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.