Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пры архікатэдральным касцёле ў Мінску будуць праводзіцца “Вечары для закаханых”
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.04.2015 15:24

З 15 красавіка 2015 года пры архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску будуць праводзіцца “Вечары для закаханых”. Пачатак у 19.00.

Сардэчна запрашаюцца ўсе пары, якія толькі сустракаюцца, ужо вырашылі ажаніцца і якія нават пра гэта не думалі. “Вечары для закаханых” - цудоўная магчымасць распазнаць сваё пакліканне, паглыбіць свае адносіны, а, магчыма, і прыняць рашэнне на будучыню. У “Вечарах” могуць браць удзел пары закаханых незалежна ад канфесійнай прыналежнасці.

“Вечары для закаханых” - гэта 9 сустрэч, якія доўжацца 2 – 2,5 гадзіны і праводзяцца адзін раз на тыдзень. У сустрэчах могуць браць удзел толькі абое закаханых. Яны праводзяцца сужэнскай парай і святаром, аніматарамі руху “Сужэнскія сустрэчы”.

Асноўным метадам працы на “Вечарах” з’яўляецца праца закаханых толькі ўдваіх. Штуршком да яе з’яўляюцца ўступы і сведчанні сужэнскіх пар і святароў. Удзельнікі - у сваіх парах - маюць магчымасць глыбейшага азнаямлення са сваімі рысамі асобы, чаканнямі, вызначаюцца з агульнай сістэмай каштоўнасцяў у жыцці, вучацца, як вырашаць праблемы і як будаваць гармонію сваіх адносін. Яны стараюцца зразумець, у чым сутнасць таямніцы шлюбу, адкрываюць месца веры ў сваім жыцці, даведваюцца пра асноўныя палажэнні вучэння Касцёла пра шлюб і сям'ю.

“Вечары” прызначаны як для заручаных, так і для пар, якія сустракаюцца адно з адным без вызначанай даты вяселля, але сур’ёзна думаюць пра шлюб. У праграме “Вечароў” таксама могуць удзельнічаць пары закаханых, якія яшчэ не думалі пра шлюб, але жадаюць паглыбіць свае веды пра сужэнства і сям’ю.

Стварэнне сям’і – адказны працэс, звязаны з прыняццем сур’ёзных рашэнняў на ўсё жыццё. Праграма “Вечароў для закаханых” прапануе:

  • навучанне дыялогу - дарозе ўзаемнага пазнання як падчас сустрэч адно з адным, у перыяд заручын, так і на працягу магчымага будучага шлюбнага жыцця,
  • лепшае пазнанне рыс асобы, чаканняў, планаў, поглядаў, жыццёвых установак людзей, з якімі плануюць звязаць сваё жыццё,
  • глыбейшае разуменне значэння таямніцы шлюбу і слоў шлюбнай прысягі,
  • правядзенне аналізу, наколькі планы сумеснага жыцця дакладныя і сталыя.


Вынікам “Вечароў” з’яўляюцца моцныя сем’і, дзе пануе любоў і згода, дзе сужэнцы слухаюць адно аднаго, дзеляцца сабою, разумеюць сваю другую палавінку і заўсёды гатовыя прабачаць.

Кантактныя нумары для запісу:

Павел і Ганна Баярчукі +375 29 770 20 65,
Іван і Алена Лубінскія +375 29 556 26 35, +375 29 140 84 56, +375 29 782 14 66

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.