У мінскім салезіянскім араторыі правялі свята для татаў | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.03.2015 10:55

22 сакавіка ў мінскім араторыі імя св. Яна Боско было арганізавана свята для татаў.

Свята было зладжана ў гонар святога Юзафа, урачыстасць якога адзначалася ў Каталіцкім Касцёле 19 сакавіка. Паколькі святы Юзаф з’яўляецца апекуном сваёй сям’і, так і сучасныя таты павінны быць падобнымі да яго, гэта значыць, апекунамі сваіх сем’яў.

У гаміліі падчас святой Імшы кс. Алег Шпец, які вёў велікапосныя рэкалекцыі ў парафіі, нагадваў пра тое, як часам варта паглядзець на крыж. Пасля Імшы таты са сваімі сем’ямі накіраваліся ў араторый. Свята распачалося маленькай сцэнкай, у якой распавядалася пра спрэчку на катэхезе паміж хлопцамі і дзяўчатамі. Хлопцы даказвалі, што таты найлепшыя, а дзяўчаты даказвалі, што, наадварот, мамы найлепшыя. Каб яны не спрачаліся, сястра вырашыла зрабіць спаборніцтва паміж сынамі і татамі супраць дачок і мам і паглядзець, хто з гэтых каманд найспрытнейшы і хто больш за ўсіх давярае Пану Богу, бо адной з найбольшых яскравых рысаў святасці Юзафа быў менавіта бязмежны давер Пану.

Потым быў праведзены конкурс на давер, з гэтым усе добра справіліся. Пасля была падкрэслена яшчэ адна добрая рыса св. Юзафа — вернасць сваім штодзённым абавязкам: была праведзена эстафета, з якой таксама ўсе добра справіліся.

Апошні конкурс быў прысвечаны веры. Пасля лік каманд зраўняўся і перамагло сяброўства. Затым татам быў падараваны спеў пра св. Юзафа. Пасля агульнага фотаздымка ўсе былі запрошаны на салодкі стол.


Паводле sdb.by, (AYU)

 
© 2003-2024 Catholic.by