Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскай парафіі Божага Цела адбылася сустрэча Трэцяга Ордэнa кармэлітаў босых
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.03.2015 16:53

7 сакавіка ў мінскай парафіі Божага Цела адбылася чарговая сустрэча Трэцяга Ордэнa кармэлітаў босых святога Юзафа. У гэтым годзе Касцёл святкуе 500-годдзе з дня нараджэння святой Тэрэзы ад Езуса, рэфарматаркі Oрдэна кармэлітаў босых.

З гэтай нагоды сястра Вікторыя Наркевіч у сваёй канферэнцыі прыгадала прысутным гісторыю ўзнікнення супольнасці кармэлітаў. Заснавальнікам гэтай супольнасці быў прарок Ілля, які пражываў у пячорах, рассеяных на схілах гары Кармэль. Фактычным заснавальнікам быў рыцар Бэртольд з Калабрыі (1156 г.).  Разам з 10 сябрамі ён збудаваў пустэльню на схіле гары Кармэль і вёў там суровае жыццё пакутніка. У 1208 годзе Патрыярх Альбэрт, які жыў тады ў прыморскай мясцовасці Акко, зацвердзіў для манахаў Статут супольнага жыцця. У Статуце быў моцны націск на малітву, суровыя пасты і ручную працу ў цішыні без магчымасці вядзення размоў. Прадпісанні зацвердзіў Папа Ганорый І (30.01.1226 г.). У ХІІІ стагоддзі манаская супольнасць распаўсюдзілася ў еўрапейскіх краінах у басейне Міжземнага мора і некаторых краінах Заходняй Еўропы. У 1245 годзе Папа Інакенцій IV змякчыў першы Статут і зацвердзіў супольнасць як Супольнасць Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль.

Пасля адыходу са Святой Зямлі ордэн перажываў глыбокі крызіс, яму пагражаў заняпад. Тады ў ноч з 15 на 16 ліпеня 1251 г. у Айлесфордзе (Англія) Маці Божая аб’явілася генеральнаму настаяцелю Ордэна кармэлітаў св. Шымону Стоку, калі ён прасіў Яе аб апецы над ордэнам. Найсвяцейшая Маці паказала заклапочанаму генералу ордэна карычневае покрыва, кажучы: «Прымі, найдаражэйшы Мой сын, шкаплер твайго ордэна як знак Майго братэрства, прывілей для цябе і ўсіх кармэлітаў. Той, хто ў ім памрэ, не спазнае пякельнага агню. Вось знак збаўлення, паратунак у небяспецы, запавет супакою і вечнага абяцання».

Слова «шкаплер» паходзіць ад лацінскага «scapulae», што азначае рукі, плечы. Шкаплер — гэта покрыва, якое складаецца з двух адрэзаў тканіны з проймай для галавы. Калі яго апранаеш, то адна частка тканіны спадае на грудзі, другая — на спіну. Шкаплер — гэта частка манаскага адзення, якая носіцца зверху хабіта, таксама і ў іншых ордэнах. Яго выкарыстоўваюць, напрыклад, цыстэрцыянцы, дамінікане, паўліны, бэнэдыктынцы, фэліцыянкі. Частка, якая спадае на спіну, сімвалізуе, што «цяжкасці, выпрабаванні і крыжы мы павінны насіць пад апекаю Марыі, падпарадкоўваючыся Божай волі так, як Яна гэта рабіла». Пярэдняя частка шкаплера, якая спадае на грудзі, нагадвае пра тое, што сэрца, утоенае там, павінна «біцца для Бога і бліжніх, з любові адрываючыся ад зямных прывязанасцяў, і праз заступніцтва Марыі злучацца з вечнымі дабротамі».

Тэме любові Міласэрнага Айца да марнатраўнага сына была прысвечана ўнутраная малітва-разважанне, якая праходзіла ў прысутнасці Езуса, выстаўленнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Разважанне да гэтай евангельскай прыпавесці (Лк 1-3, 11-32) падрыхтавала сястра Наталля Куніцкая.

Гэтая прыпавесць прадстаўляе ў вобразе бацькі сапраўды чалавекалюбівага Бога, а ў двух сынах — два разрады людзей, праведнікаў і грэшнікаў. Праведнасць — гэта старажытны лёс чалавечай прыроды, таму старэйшы сын не вырываецца з-пад бацькоўскай улады. А грэх — зло, якое нарадзілася пазней; і таму вырываецца з-пад бацькоўскай улады малодшы сын, які вырас з грахом, што пранік у чалавечую прыроду пазней.

«Маёмасць» — гэта разумнасць, якой падпарадкоўваецца таксама свабода, бо кожная разумная істота свабодная. Пад нашаю «маёмасцю» можна разумець таксама ўвогуле ўсё, што Бог даў нам, а менавіта: неба, зямлю, кожнае жывое стварэнне ўвогуле, закон, прарокаў. Малодшы сын убачыў неба — і абожыў яго; убачыў зямлю — і ўшанаваў яе, але ў законе Божым не хацеў хадзіць і прарокам чыніў зло. Малодшы сын усё гэта ў сукупнасці растраціў. І што было прычынаю? Тое, што ён «ад’ехаў у далёкі край». Бо калі чалавек адступіць ад Бога і аддаліць ад сябе боязь Божую, то тады ён растрачвае ўсе боскія дары. А калі мы блізкія да Бога, мы нічога не робім такога, што вартае пагібелі.

У гаміліі падчас святой Імшы айцец Сяргей Трысцень, пробашч мясцовай парафіі, працягнуў тэму сапраўднай любові да Бога і бліжняга, сапраўднай свабоды чалавека, распавядаючы пра дзве рэчаіснасці, якія могуць стаць крайнасцямі ў рэлігійным жыцці. Першай рэчаіснасцю, па словах святара, з’яўляецца закон, які Бог дае габрэйскаму народу праз Майсея ў выглядзе дзесяці запаведзяў і які распаўсюджваецца таксама на хрысціянаў, як спадкаемцаў іўдзейскай рэлігіі. Пэўная катэгорыя людзей пачынае разумець закон вельмі катэгарычна: яго беспярэчнае выкананне яны ставяць найвышэйшай каштоўнасцю ў сваёй рэлігійнасці, выкрэсліваючы любоў. Гэта, як звярнуў увагу святар, з’яўляецца вельмі вялікай памылкай, бо такі закон не будзе мець нічога агульнага з Божым законам; і Езус не аднойчы дзеля любові, дзеля карысці іншага чалавека перакрочваў закон, напрыклад, аздараўляючы ў шабат. У кананічным праве гаворыцца, што найважнейшым законам з’яўляецца дабро чалавека: Касцёл такім чынам кажа, наколькі важная ў законе любоў да іншага чалавека.

Другая крайнасць адносна разумення закона, па словах святара, у няправільным разуменні закона як абмежавання, быццам Бог хоча паставіць чалавека ў адпаведныя рамкі, — тады ўзнікае канфлікт паміж пытаннем свабоднай волі чалавека і законам. Мы кажам, што Бог дае свабодную волю, але ў той жа момант дае законы, якія абмяжоўваюць гэтую свабоду. Калі чалавек мог і хацеў бы быць настолькі свабодным і шырока разумець сваю свабоду, то на зямлі не было б супакою, таму што чалавек забыў бы, што яго свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека. Бог рэгулюе адносіны не толькі чалавека з Богам, не толькі чалавека з самім сабою, але таксама дапамагае рэгуляваць адносіны чалавека з чалавекам, дапамагае нам у нашых адносінах паміж сабой. Таму, каб зразумець Божы закон, трэба заўсёды мець перад вачыма вялікую любоў Бога да кожнага чалавека і зразумець, што Бог не хоча пакрыўдзіць чалавека, забраць гэты дар свабоднай волі, але хоча навучыць нас правільна карыстацца гэтым законам, і дзякаваць Яму за гэты закон любові, які перавышае ўсе іншыя законы, — такімі былі разважанні святара ў гаміліі.

Адпаведныя практычныя заняткі па навучанні ўнутранай малітвe, якая засноўваюцца на духоўнай спадчыне святой Тэрэзы ад Езуса, праходзяць:

— у Мінску кожны чацвер у 18.00 у капліцы Маці Божай Шкаплернай (вул. Герасіменкі, 6/1),
— у Бабруйску кожную суботу пасля святой Імшы а 18-й гадзіне ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Запрашаюцца ўсе жадаючыя.

С. Ірына Шыцікава



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.