У салезіянскім араторыі ў Мінску прайшла сустрэча-разважанне аб пакліканні для хлопцаў | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.02.2015 17:18

21-22 лютага ў мінскім араторыі імя св. Яна Боско адбылася сустрэча-разважанне для хлопцаў, якія прагнуць распазнаць сваё пакліканне і бліжэй пазнаёміцца з салезіянскім стылем жыцця. Хлопцы прыехалі на сустрэчу з розных салезіянскіх пляцовак у Беларусі: Дзятлава, Бараўлян, Смаргоні і з самога Мінска.

Сустрэча пачалася знаёмствам. Пасля адбыліся ўводзіны ў тэматыку сустрэчы і праца ў групах, калі ўдзельнікі пазнаёміліся з двума прадстаўнікамі салезіянскага паклікання: бл. Міхалам Руа (святаром) і бл. Стэфанам Шандорам (каад’ютарам). Пасля супольнай размовы прысутныя паслухалі канферэнцыю, у якой былі прадстаўлены два кірункі рэалізацыі паклікання ў Таварыстве св. Францішка Сальскага — святарства і пакліканне брата-законніка.

У межах сумеснага адпачынку хлопцы мелі магчымасць пагуляць у хакей, а пасля ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху, якое было тэматычным: разважанні чыталіся з націскам на слова «пакліканне». Потым сабраныя ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

У нядзелю маладыя людзі мелі магчымасць выслухаць канферэнцыю на тэму распазнання паклікання і прыняць удзел у святой Імшы. Сустрэча завяршылася супольным абедам.

Паводле sdb.by

(AG)

 

 

Фота sdb.by

 
© 2003-2024 Catholic.by