Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Разважанням пра святую Тэрэзу ад Езуса была прысвечана сустрэча свецкіх кармэлітаў у Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.01.2015 12:31

24 студзеня адбылася чарговая сустрэча Трэцяга Ордэну кармэлітаў босых святога Юзафа ў мінскай парафіі Божага Цела. Свецкія вернікі працягвалі разважаць над постаццю святой Тэрэзы ад Езуса, 500-годдзе нараджэння якой Касцёл адзначае ў гэтым годзе.

Канферэнцыя, адмыслова прыгатаваная айцом кармэлітам, была прысвечана тэме трывання ў праўдзе.

«Аднойчы я задумвалася над пытаннем, чаму Пан так любіць цноту пакоры, і раптам перад вачыма ўзнік той факт, што Бог з'яўляецца найвышэйшай Праўдай, а пакора — гэта нішто іншае, як трыванне ў праўдзе», — пісала святая Тэрэза.

Гэты кароткі тэкст з'яўляецца адказам на пытанне, чаму праўда такая важная для Тэрэзы і чаму мы павінны жыць у праўдзе. Па нашай віне мы не разумеем саміх сябе і не ведаем, кім мы ёсць, але затрымліваемся на гэтых нашых целах, і толькі агульна ўсведамляем сабе, што маем душу, не ўсведамляючы яе прыгажосці.

У сваю чаргу праўда пра сваю слабасць дапамагае нам зразумець, што без дапамогі Езуса нічога не можам учыніць. У сваёй педагогіцы Бог паступова адкрывае гэтую праўду чалавеку, каб той не знеахвоціўся ў дарозе.

Пакора- праўда такая важная для Тэрэзы, што адной з трох пачатковых умоў малітвы святая чыніць менавіта яе. Піша моцныя словы, што для чалавека малітвы, які не распачынаў бы яе ў праўдзе, будзе лепш, каб увогуле не практыкаваў мысленную малітву.

Тэрэза піша, што часта вялікія ласкі атрымлівала ад Пана ў моманты вельмі балючага пазнання сябе самой — пазнанне сваёй нікчэмнасці. Каб несці цяжар гэтай ласкі, трэба, каб фундамент быў моцны. А такім фундаментам з'яўляецца пакора.

Трыванне ў праўдзе павінна датычыць не толька нас саміх. Мы павінны хадзіць у праўдзе перад іншымі і перад самім Богам, выкарыстоўваючы кожны магчымы спосаб, узаемна сабе дапамагаючы на гэтай дарозе.

Няма нікога, хто б так добра ведаў самога сябе, як ведаюць нас тыя, якія за намі назіраюць, калі робяць гэта з любоўю і клопатам дзеля прынясення нам карысці.

Тэрэза рэалізуе гэтыя словы ў сваіх кляштарах. Загадвае ў сваіх Канстытуцыях капітул віны, каб сёстры перад сабой узаемна выяўлялі свае слабасці.

І яшчэ адна рэч: праўда пра сябе павінна весці да любові. Часам да навяртання, часам да падзякі, часам да прыняцця таго, чаго нельга змяніць, але заўсёды да паглыблення еднасці з Богам. Яна не ёсць мэтай самой у сабе. Інакш, становіцца свайго роду эгацэнтрызмам. А заданне праўды — вызваленне нас ад іншых прывязанасцяў, якія ўскладняюць практыкаванне любові да Бога і да бліжняга.

Практычныя заняткі па навучанні ўнутранай малітвы, якая засноўваецца на духоўнай спадчыне святой Тэрэзы ад Езуса, праходзяць кожны чацвер у 18.00 у капліцы Маці Божай Шкаплернай (вул. Герасіменкі, 6/1) у Мінску.

c. Ірына Шыцікава OCDS

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.