Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у мінскай парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ: «Кожны з нас пакліканы працягваць місію Хрыста»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.01.2015 16:40

25 студзеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскай парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ.

У гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу, што чытанні трэцяй звычайнай нядзелі “нагаваюць аб абсалютнай неабходнасці навяртання і адказу на Божае пакліканне”.

“Евангелле прадстаўляе Езуса, які прыйшоў у Галілею і заклікаў да навяртання і веры ў Евангелле. Навяртанне азначае адмаўленне ад граху, змену стылю жыцця і выбар новых духоўных прыярытэтаў. Вера ў Евангелле патрабуе новых пастанаўленняў з усёй сур’ёзнасцю прымаць словы Езуса, пераводзіць іх у дзейнасць і давяраць Езусу. Ён вучыць, што Бог любіць кожнага чалавека і прабачае яму яго правіны, бо Яго міласэрнасць бязмежная. Праз свайго Сына Ён жадае выбавіць нас з грахоўнай няволі.

Прадстаўляючы пакліканне апосталаў Андрэя, Пятра, Яна і Якуба, сённяшняе Евангелле падкрэслівае, што і мы, грэшнікі, павінны адказаць на боскае пакліканне праз адмаўленне ад грэшнага стылю жыцця. Езус паклікаў сваіх апосталаў проста з месца іх працы, з чаўна, з якога яны лавілі рыбу, каб яны былі прыладай у Божых руках.

Мы павінны цаніць пакліканне стаць вучнямі Хрыста. Кожны з нас пакліканы Богам – індывідуальна і ў супольнасці - каб працягваць місію Хрыста, абвяшчаць Добрую Навіну аб Божым Валадарстве і лячыць хворых. Індывідуальна мы пакліканы да асаблівай місіі - быць святаром, законнікам ці законніцай, бацькай і маці і г.д. Супольна – быць хрысціянамі і членамі Касцёла”, - адзначыў Мітрапаліт.


“Словы Езуса “Ідзіце за Мною, і Я ўчыню вас лаўцамі людзей” нагадваюць аб галоўным заданні Касцёла. Хрыстус жадае, каб кожны дзень Яго вучні-рыбакі выплывалі ў адкрытае мора сучаснага свету і лавілі новых людзей, каб Касцёл узрастаў. Калі мы адыйдзем ад гэтай місійнай практыкі, то Касцёл перастане быць Касцёлам у сапраўдным яго значэнні і не будзе выконваць даверанай яму місіі”, - дадаў арцыбіскуп.

“Мы ведаем, што наша чалавечая прырода здэфармавана першародным грахом, і таму вельмі часта грашым. Але калі мы трапляем у сеткі Божага неваду, то можам быць упэўнены, што знаходзімся пад Ягоным кантролем”, - звярнуў увагу іерарх.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Мітрапаліт заклікаў вернікаў “дзякаваць Богу за наша пакліканне да хрысціянства і за тое, што знаходзімся ў сетцы Касцёла, які нас аберагае ад уплыву граху і заблукаўшых вядзе да навяртання, каб мы маглі ўзрастаць у святасці, быць соллю зямлі і святлом свету і такім чынам маглі будаваць Божае Валадарства на зямлі”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.