Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Як добра братам быць разам»: экуменічнае набажэнства прайшло ў мінскай архікатэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.01.2015 01:14

24 студзеня ў мінскай архікатэдры ў межах Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян прайшло экуменічнае набажэнства прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. У сустрэчы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, удзельнічалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, прадстаўнікі розных канфесій, прысутных у Беларусі, духавенства і вернікі.

Па дарозе да еднасці

Кожны з запрошаных гасцей, што ва ўрачыстай працэсіі падыходзіў да прэзбітэрыума, нёс кубак з вадою. Набліжаючыся да алтара, дзе на ўзвышэнні была падрыхтавана драўляная пасудзіна, да якой вяла імправізаваная дарога, удзельнікі працэсіі ўлівалі прынесеную ваду ў адзіны посуд.

Посуд быў падрыхтаваны, каб сімвалізаваць студню з Самарыі, да якой падышоў Езус па дарозе ў Галілею і папрасіў у жанчыны, якую сустрэў, вады. Словы ж, прамоўленыя Езусам да жанчыны: “Дай Мне піць” (Ян 4, 7), сталі ключавымі ў праграме разважанняў на Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціянаў у гэтым годзе.

 

 

Пасля працэсіі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў усіх прысутных і запрасіў да супольнай малітвы, якая, як адзначыў, у гэтым годзе мае, як і Каталіцкі Касцёл на чале з Папам Францішкам, лаціна-амерыканскі акцэнт, бо яе якраз падрыхтавала экуменічная група з Бразіліі.

«Каб мы былі адзіным сэрцам, адзінай душой, абвяшчаючы Евангелле і разам баронячы хрысціянскія каштоўнасці», — заклікаў арцыбіскуп Тадэвуш кандрусевіч.

Пасля прачытання Евангелля кожны з прадстаўнікоў розных канфесій выступіў з прамовай.

Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі, сказаў, што у словах-дэвізе праграмы Тыдня малітваў найперш чуецца зварот да кожнага з нас. "Дай мне піць!" - прамаўляе Бог, жадаючы, каб мы праз кожны крок жыцця ішлі да Яго, прысвячаючы Яму сваё духоўнае і матэрыяльнае жыццё. 

Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў адзначыў, што чалавек можа засохнуць, як смоква, калі не будзе падтрымліваць сувязі з Богам, якая найперш развіваецца ў малітве і робіць чалавечае жыццё годным.

«Экуменізм не павінен існаваць на паперы, гэта не ідэалогія», — зазначыў Пастар Евангелічна-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў, дадаючы, што «экуменізм патрабуе камунікацыі, малітвы, сведчання і служэння бліжняму».

«Экуменізм нельга арганізаваць, ён узнікае з даверу да Бога», — сказаў ён і дадаў, што галоўнай нашай мэтай з'яўляецца маліцца адзін з адным і адзін за аднаго, падзяляючы радасць і смутак».

 

Еднасць, якой прагне сучаснае грамадства 

Намеснік епіскапа Саюза Евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Беларусі Аляксандр Лотараў адзначыў, што зараз, калі ў многіх сем'ях, у многіх краінах спеюць і адбываюцца розныя канфлікты, адзінства з'яўляецца самым жаданым дарам для сучаснага свету.

«І гэта мы павінны паказаць прыклад грамадству, якое не ведае Жывога Бога, як Ён вучыць сваю Царкву гэтай еднасці, праз вобраз адзінага Цела, адзінай Царквы і сям'і», — сказаў ён.

Гаворачы пра прыклад, які хрысціяне павінны даваць сведчаннем свайго жыцця свету, Аляксандр Лотараў прыгадаў прыклад са свайго асабістага жыцця. У мінулым годзе ў яго выявілі рак. Падчас лячэння ў анкалагічным цэнтры ў яго палатным пакоі з ім былі хрысціяне розных канфесій: таксама католікі і праваслаўныя. Кожны дзень яны ўсе разам маліліся і чыталі Святое Пісанне, што дапамагала ў надзеі і веры перажываць хваробу, таму іншыя, хто прыходзіў, заўсёды адзначалі ў палаце незвычайную лёгкую атмасферу духа.

«Вада — гэта сімвал і матэрыя святога Хросту, сімвал Божага Слова і Святога Духа. Святы хрост дае магчымасць плённа прыняць Слова Божае і жыць у Святым Духу», — сказаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, разважаючы над знакам вады, якая падчас гэтай сустрэчы стала сімвалам да еднасці сабраных прадстаўнікоў розных канфесій. Архімандрыт прыгадаў "слаўных мужоў" - салунскіх братоў Кірыла і Мятода, а таксама Францішка Скарыну і святара Уладзіслава Чарняўскага, якія стараліся наблізіць да кожнага Божае Слова на працягу развіцця хрысціянства на славянскіх землях, зрабіўшы яго зразумелым і дасяжным праз пераклады на зразумелую і родную для мясцовых жыхароў мову.

На тэму вобраза вады разважаў і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адзначыўшы, што «найважнейшае, што нас аб'ядноўвае, — гэта вада Хросту»: менавіта сакрамэнт Хросту робіць адзінымі ў Хрысце.

Мітрапаліт узгадаў, як не хапае гэтай еднасці ва Украіне, на тэрыторыі якой на сённяшні дзень ідзе жорсткая вайна, праліваецца кроў.

Заахвочваючы да еднасці, арцыбіскуп заклікаў да сумеснага змагання супраць выклікаў сучаснага свету, якія могуць зняважыць хрысціянскія каштоўнасці. Узгадваючы пры гэтым тэрарыстычны акт у французскай рэдакцыі, іерарх адзначыў, што «мы павінны асуджаць тэрарызм, але і паказваць, і гаварыць свету, што нельга смяяцца з Бога і вернікаў розных хрысціянскій канфесій.

Поўны тэкст гаміліі>>>

На заканчэнне сустрэчы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім гасцям, святарам, законным сёстрам і вернікам за ўдзел у малітве, паўтарыўшы ўслед за Апосталам Паўлам словы пра тое, як добра быць братам разам.

Сустрэча скончылася знакам супакою, які перадавалі адзін аднаму ўсе прысутныя. Знакам супакою, якога так не стае братам-уркаінцам, якія вымушаны бараніць сваю вольнасць. Супакою, якога не стае многім хрысціянам свету, якія дагэтуль аддаюць сваё жыццё за веру.

 

Аксана Ючкавіч

Фота Аляксандры Шчыглінскай 




Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.