Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Перад Божым Нараджэннем адбылася сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.12.2014 15:17

22 снежня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На заканчэнне сустрэчы яе ўдзельнікі падзяліліся аплаткай.

Сустрэча пачалася супольнай малітвай Літургіі Гадзін, пасля якой кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч прадставіў духоўнае разважанне. Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Імшу разам з арцыпастырам канцэлебравалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і святары.

У гаміліі Мітрапаліт засяродзіў сваю ўвагу на словах Евангелля, якія прадстаўляюць гімн “Мagnificаt”, які Марыя праспявала, адказваючы на прывітанне Альжбеты падчас яе адведзінаў. У гэтым гімне, нагадаў іерарх, Марыя праслаўляе Бога за вялікія рэчы, якія Бог учыніў Ёй і праз Яе ўсяму чалавецтву. “Бог выбраў Марыю быць Маці Збаўцы. Яе згода з Божай воляй – гэта пачатак ажыццяўлення Божага плану збаўлення”, - адзначыў арцыпастыр.

“Як святары і кансэкраваныя асобы, мы таксама прымаем актыўны ўдзел у справе збаўлення чалавека, - звярнуў увагу арцыбіскуп. - Святар дзейнічае моцай Езуса Хрыста. Кансэкраваныя асобы таксама праз жыццё паводле евангельскіх радаў нясуць святло Евангелля ў гэты свет. І за ўсё гэта мы павінны дзякаваць Богу і спяваць свой гімн “Мagnificаt””.

“Год, які завяршаецца, таксама павінен стаць для нас новым рахункам сумлення, - дадаў Мітрапаліт, звяртаючыся да ўдзельнікаў пастырскай сустрэчы. - Як ён прайшоў? Чаго мы дасягнулі, а што не ўдалося, як у парафіяльным, так і ў асабістым жыцці? Якім было наша духоўнае жыццё?” “Усе мы недасканалыя і грэшнікі, як часта падкрэслівае Папа Францішак, і ўсе патрабуем навяртання. Ці спадарожнічала яно нам у гэтым годзе? Ці людзі, з якімі мы сустракаліся, перафразуючы словы святой Альжбеты, казалі: “Якое ж шчасце нам, што праз святара Бог прыходзіць да нас!”?” – над гэтымі пытаннямі прапанаваў падумаць іерарх.

“Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на нашы асабістыя адносіны, на пачуццё святарскай салідарнасці, на адносіны паміж дыяцэзіяльным і законным клірам, на салідарны ўдзел у агульнадыяцэзіяльных мерапрыемствах, на пачуццё адзінства Мінска-Магілёўскага Касцёла, - дадаў арцыбіскуп. - На гэтыя і падобныя пытанні мы павінны адказаць, адказаць сёння. Мы не дасканалыя. Дасканалы толькі Бог, і таму не можа быць задавальняючым адказ, што ў мяне, маўляў, усё у парадку, усё добра і няма ніякіх праблем. Так не можа быць. А калі ёсць, то нешта нядобрае адбываецца з намі і мы папросту трацім каштоўны час і не выкарыстоўваем яго належным чынам”.

“Ад нас саміх, ад нашага духоўнага стану і адказнасці за пастырскую дзейнасць будзе залежаць духоўнае здароўе даверанага нашай апецы Народу Божага і евангелізацыйная місія Касцёла”, - падкрэсліў іерарх.

Нагадваючы, што Марыя пайшла да Альжбеты, каб падзяліцца сваёй радасцю і занесці ў яе дом Божую ласку, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў святароў і кансэкраваных асобаў ісці за Маці Божай, каб праз іх служэнне Божая ласка стала ўдзелам усіх людзей.  

Падчас пастырскай сустрэчы Мітрапаліт, між іншым, нагадаў, што пастырская праграма наступнага года — «Марыя — прытулак грэшнікаў». Іерарх падзякаваў святарам за служэнне, якое яны здзяйснялі ў перыяд Адвэнту.

Наступная пастырская сустрэча пройдзе 15 студзеня ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску.

(DN), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.