Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аплатковая сустрэча ў Мінскім абласным шпіталі з біскупам Юрыем Касабуцкім: «Вы робіце дабро, якое не мінае»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.12.2014 17:18

19 снежня адбылася аплатковая сустрэча дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага з медперсаналам і хворымі ў Мінскім абласным клінічным шпіталі, што знаходзіцца ў пасёлку Лясны.

У аўдыторыі тэрапеўтычнага корпуса, дзе традыцыйна адбываюцца такія сустрэчы, сабралася шмат медыцынскіх супрацоўнікаў, таксама прыйшлі і пацыенты.

Ад імя ўсіх прысутных біскупа прывітаў намеснік галоўнага ўрача Валерый Усніч, адзначыўшы, што ва ўсе часы рэлігія і медыцына заўсёды ішлі побач, спрыяючы дабру чалавека.

Потым са сваім словам звярнуўся біскуп Юрый Касабуцкі. «Добры дзень!» — былі першыя словы іерарха, якія суправаджаліся ўсмешкай. Біскуп перадаў прывітанне і віншаванне ад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які ў мінулыя гады наведваў шпіталь напярэдадні святаў Божага Нараджэння.

«Свята Божага Нараджэння — дзень прыйсця Бога ў гэты свет, — сказаў біскуп Юрый Касабуцкі. — Бог заўсёды хацеў зрабіць чалавека шчаслівым, але без згоды самога чалавека гэта зрабіць немагчыма».

Біскуп адзначыў, як важна людзям, як зярнятам у хлебе, таксама яднацца, быць адзінствам дзеля чынення дабра.


«Быць адным цэлым, прабачаць адзін аднаму і не трымаць крыўды, якая часта можа разрастацца ў нас саміх і разбураць хваробай», — дадаў іерарх.

«Памятайце, што, калі вы дапамагаеце людзям, то робіце дабро, якое не мінае. Заўсёды памятайце, што можаце звяртацца да Бога, як дзіця звяртаецца да маці і атрымлівае ад яе тое, што патрабуе. Тое, што дае вам Бог, як і тое, што вы даеце іншым людзям, таксама не мінае. Таму дарыце дабро нават у смутку», — заклікаў біскуп.

Пасля благаслаўлення і супольнай малітвы прысутныя дзяліліся аплаткамі, а разам з гэтым усмешкамі і словамі з біскупам, а таксама адзін з адным.

Некаторыя пацыенты панеслі аплаткі ў палатныя пакоі да тых, хто не змог прыйсці на сустрэчу.

Да некаторых, хто не змог прысутнічаць на сустрэчы, біскуп Юрый Касабуцкі ў суправаджэнні ўрачоў завітаў у палаты з благаслаўленнем і пажаданнямі сустрэць святы ўжо не ў шпіталі, а дома.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.