Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Над постаццю святой Тэрэзы ад Езуса разважалі ўдзельнікі Трэцяга Ордэну кармэлітаў босых на сустрэчы ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.11.2014 10:52

22 лістапада ў мінскай парафіі Божага Цела адбылася чарговая сустрэча ўдзельнікаў Трэцяга Ордэну кармэлітаў босых святога Юзафа. Свецкія вернікі працягвалі разважаць над постаццю святой Тэрэзы ад Езуса, 500-годдзе нараджэння якой Касцёл адзначыць у наступным годзе.

Канферэнцыя, якую падрыхтаваў для прысутных дыякан Аляксандр Стока  ОСD, была прысвечана таму, як святая Тэрэза ад Езуса, настаўніца вернікаў у малітве, бачыла сябе як жанчына.

Зазначалася, што святая Тэрэза ад Езуса была «гарачай крыві», хацела  быць на ўзроўні з мужчынамі і дасягаць усё большага. У яе «Кнізе жыцця», было адзначана таксама, можна ўбачыць, што яна была ў нейкім сэнсе феміністкай, пакуль не сустрэлася з Богам, сапраўдным і жывым. Пазней святая адкрывае сваю жаночую пакору, якая для яе азначае ўсвядоміць і прыняць тое, што яна  слабейшая за мужчыну. Яна стаіць у праўдзе перад Богам у малітве і  вучыцца гэтай пакоры, усведамляючы, што ўсяго свету не збавіць, бо слабейшая. Святая Тэрэза ад Езуса, як гучала ў канферэнцыі, даходзіць да поўні сваёй пакоры: «Пане, памятай пра мае грахі, памятай заўсёды, што я слабая, недасканалая, грэшная і напаўняй маё сэрца ласкай патрошку, бо яно як крохкае глінянае начынне, і калі Ты моцна яго напоўніш, то яно рассыпецца, разваліцца».

Святая, як адзначалася ў канферэнцыі, адкрывае такую простую справу і заахвочвае да таго, каб найдрабнейшыя ўчынкі ў сваім жыцці рабіць з вялікай любоўю, і тады можна будзе адчуць унутраную радасць. Усё павінна быць прасякнута Божай любоўю; Божы супакой і радасць, якія атрымоўваем падчас малітвы, трэба яе найдаўжэй насіць у сваім сэрцы — гэта вельмі складана, але калі гэтага дасягнуць, то можна адчуць вялікую радасць; трэба як найчасцей вяртацца і прыгадваць гэты стан, які атрымоўваем падчас малітвы, — гэтыя думкі канферэнцыя даносіла да слухачоў.

Узгадваліся таксама словы святой Тэрэзы: «Молячыся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, мы ўглядаемся ў Езуса Хрыста. Усведамляйце бязмежную, вялікую міласэрнасць Божую і паўтарайце словы, напрыклад, як я паўтарала: “Пане Езу, будзь міласэрны да мяне, грэшнай”».  

Адзначалася, што, звяртаючыся да Езуса, у пакоры стоячы перад Ім, яна просіць, каб пастаянна ўдасканальваў, шліфаваў яе: «Я камень калючы, каб той, хто са мной сустрэнецца, не ўкалоўся праз мае ўчынкі, але адчуваў гладкі камень у руцэ»; навучае, каб не баяліся праліць слязу, калі дух сумуе, і не баяліся таксама радавацца: «Божа, я не ведаю, куды Ты мяне вядеш праз жыццё, але ведаю, што Ты заўсёды са мной, заўсёды побач, Ты пранікаеш мяне». Праз гэта, гучала ў канферэнцыі, святая паказвае сваю дасканаласць і сваё ўзрастанне ў малітве і заахвочвае іншых маліцца праз ачышчэнне думак і набліжацца да Бога, які ведае ўсё наша жыццё, слабасці, і не баяцца стаць перад Богам такімі, якімі мы з’яўляемся.

Адпаведныя практычныя заняткі па навучанні ўнутранай малітве, якая засноўваецца на духоўнай спадчыне святой Тэрэзы ад Езуса, праходзяць кожны чацвер у 18.00 у капліцы Маці Божай Шкаплернай (вул. Герасіменкі, 6/1) у Мінску. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.