Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, адбылася Імша падзякі за 20 гадоў працы часопіса «Ave Maria»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.11.2014 16:02

23 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, апошнюю нядзелю літургічнага года, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у мінскім архікатэдральным касцёле святую Імшу падзякі за 20 гадоў працы часопіса «Ave Maria».

Звяртаючыся да вернікаў у гаміліі, Мітрапаліт падкрэсліў, што дадзеная ўрачыстасць — «не настальгія аб каралеўскіх прэрагатывах, але погляд у будучыню». «У Божае Валадарства ўвойдуць тыя, хто паверыў, што Езус ёсць чаканы кароль. Тыя, хто не прыняў гэтай праўды, а баяўся, што, можа, Ён сапраўдны кароль, на пачатку апранулі Яго як караля і назвалі такім, але потым забілі, бо не пачулі ад Яго таго, што хацелі пачуць. Ён быў для іх чужым і патрабуючым», — патлумачыў іерарх.

Арцыпастыр дадаў, што Касцёл на працягу ўсяго літургічнага года вядзе вернікаў да гэтай урачыстасці. «Мы выйшлі з рукі Божай і прызначаны для Божага Валадарства, дзе Валадаром ёсць Езус Хрыстус. Але, каб трапіць у Валадарства Хрыста, неабходна быць прызнаным годным гэтага. Каб атрымаць дыплом, трэба здаць адпаведныя экзамены, напісаць дыпломную працу і яе абараніць. Гэта свайго роду суд, — сказаў іерарх. — Пра суд Божы мы кажам і ў нашым вызнанні веры, бо пасля яго мы пойдзем у тое месца, якое заслужылі падчас свайго зямнога жыцця. На гэтым судзе галоўным фактарам будзе жыццё паводле цноты любові да бліжняга. Была яна ў нашым жыцці ці яе не было? Мы жылі толькі для сябе ці і для бліжніх? Бо любоў да бліжняга адкрывае дзверы Божага Валадарства».

Гэтай любові, па словах Мітрапаліта, вучыць Касцёл, для чаго ён выкарыстоўвае розныя сродкі, у тым ліку і медыя. Кажучы аб 20-годдзі часопіса «Ave Maria», арцыпастыр адзначыў: «Ужо два дзесяцігоддзі ён распаўсюджвае інфармацыю аб жыцці Касцёла ў Беларусі і свеце, нясе людзям святло Евангелля і на прыкладзе Марыі вучыць праўдам веры і любові да бліжняга, каб Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфавала і мы ў ім адраджаліся духоўна. Гэты часопіс ужо адыграў вялікую ролю ў духоўным адраджэнні нашага народа і перад ім стаяць новыя задачы ў часы секулярызму і адыходу ад веры».

«“Божа, заплаці вам за гэту працу”. Так святы Ян Павел II успрыняў вестку аб выданні часопіса «Ave Maria». Сёння гэтымі словамі Вялікага Пантыфіка мы дзякуем рэдакцыі часопіса, аўтарам артыкулаў і духоўных разважанняў, спонсарам і ўсім, хто спрыяе яго выданню, а таксама карыстальнікам», — дадаў арцыбіскуп.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Мітрапаліт пажадаў вернікам, каб урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, заахвоціла «больш сур’ёзна задумацца аб нашым жыцці, аб тым, што ў ім валадарыць: любоў да бліжняга, у якой праяўляецца любоў да Бога, ці эгаізм; духоўныя справы ці матэрыяльныя; імкненне да прыемнасцяў цела ці да духоўнага ўдасканалення», каб стала «яшчэ адным крокам у падрыхтоўцы да галоўнага экзамену нашага жыцця — да Божага суду». «Няхай у гэтай падрыхтоўцы сваю пазітыўную ролю адыграе часопіс “Ave Maria”, каб мы дзякуючы яму з дня на дзень узрасталі духоўна, не баяліся цяжару хрысціянскіх цнотаў і шчасліва дасягнулі Божага Валадарства», — пажадаў арцыпастыр.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.