Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
150-годдзе асвячэння касцёла на Залатой Горцы адзначылі ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.11.2014 15:56

15 лістапада ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) адбылося святкаванне 150-годдзя з дня асвячэння парафіяльнага касцёла на Залатой Горцы. Урачыстую Імшу з нагоды юбілею святыні ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Святочная праграма пачалася малітвай удзячнасці з нагоды юбілею. Адбыліся гістарычная канферэнцыя “Залатагорская святыня”, а таксама прэзентацыя памятнага альбома, прысвечанага касцёлу. Перад сабранымі выступіў Залатагорскі хор.

“Сто пяцьдзясят гадоў таму, 1 лістапада 1864 г., у прыгарадзе Мінска быў кансэкраваны новазбудаваны касцёл у гонар Найсвяцейшай Тройцы і святога Роха”, - нагадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас Імшы, звяртаючыся да прысутных. Арцыпастыр дадаў, што ў гэты дзень сэрцы вернікаў перапоўнены радасцю, бо касцёл на Залатой Горцы перажыў цяжкія часы ганенняў і пэўны час выкарыстоўваўся як зала камернай музыкі Белдзяржфілармоніі, але “ў рэшт рэшце ізноў з’яўляецца месцам спаткання чалавека з Богам”.

 

Іерарх прызнаўся, што яму асабіста гэты касцёл вельмі блізкі, узгадаў, як на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя беларускія католікі патрабавалі перадачы ім гэтай святыні і як нарэшце “пасля доўгіх і нялёгкіх перамоваў было дасягнута пагадненне аб тым, што па нядзелях і ў вольны ад канцэртаў час у касцёле будзе цэлебравацца святая Імша”. “На наступны дзень Папа Ян Павел II перавёў мяне ў Расію. Я выехаў у Маскву, аднак сэрца радавалася, што мінскім католікам удалося ўвайсці ў гэты гістарычны касцёл. І хаця прайшло шмат часу і нямала вады ўцякло, бо трэба было чакаць аж 15 гадоў, каб касцёл быў перададзены парафіі, але тая падзея дала пачатак гэтаму працэсу”, - адзначыў арцыбіскуп.

Па словах Мітрапаліта, “пасля 150 гадоў багатай і адначасова трагічнай гісторыі гэтай святыні мы ізноў з радасцю ўваходзім у яе брамы, каб там сустракаць Бога і Яго славіць, каб паглыбляць сваю хрысціянскую ідэнтычнасць, вяртацца да нашых хрысціянскіх каранёў і спадчыны”. Іерарх дадаў, што касцёлы “прыпамінаюць нам аб неабходнасці жыць у прысутнасці Бога”; “мы прыходзім у касцёл, каб праз Хрыста умацаваць нашу хрысціянскую самасвядомасць”. “Мы з’яўляемся не наведвальнікамі касцёла, але яго членамі”, - падкрэсліў арцыпастыр.

 

Мітрапаліт назваў касцёл на Залатой Горцы “помнікам нашай веры, малітвы і хрысціянскай традыцыі на нашай зямлі”, месцам спаткання чалавека з Богам – у тым ліку ў канцэртах духоўнай музыкі, музычным фестывалі “Залатагорская ліра”. Іерарх нагадаў, што з гэтай святыні па традыцыі пачынаецца эўхарыстычная працэсія Божага Цела, тут у Вялікі пост праходзіць інсцэнізаваны Крыжовы шлях.

Поўны тэкст гаміліі>>>

“Сёння касцёл на Залатой Горцы пачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Няхай яна будзе запісана залатымі літарамі Божай ласкі, якая прыходзіць да людзей у ім. Няхай дапамагае нам, людзям ужо XXI стагоддзя, вяртацца да Адзінага ў Тройцы Бога і з дня на дзень узрастаць у нашай веры, надзеі і любові. Няхай святы Рох, нябесны яе апякун, бароніць нас ад розных эпідэмій, у тым ліку ад эпідэміі дэхрысціянізацыі”, - пажадаў Мітрапаліт.

Парафія Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску была заснавана ў XIV ст. каралём Ягайлам. Гэта самая старажытная каталіцкая супольнасць у горадзе, пра якую захаваліся дакументальныя звесткі. Першапачаткова парафіяльны касцёл знаходзіўся на Траецкай Гары. У пачатку ХІХ ст. парафіяльнай святыняй быў драўляны касцёл на Залатагорскіх могілках у прадмесцях Мінска. У 1861–1864 гг. быў пабудаваны мураваны касцёл у неагатычным стылі, які захаваўся да сённяшняга часу. Адметна, што ахвяраванні на яго пабудову збіралі не толькі мінскія католікі, але таксама праваслаўныя і юдэі ў знак падзякі святому Роху, які выратаваў горад ад эпідэміі халеры. Касцёл быў багата аздоблены ўнутры. У правым бакавым алтары знаходзілася цудатворная фігура святога Роха. У касцёле былі цудоўныя арганы і нават дзейнічала школа арганістаў.

Насычанае парафіяльнае жыццё было перапынена ў 30-я гг. ХХ ст. у выніку пераследу рэлігіі савецкай уладай. Да вайны набажэнствы ў касцёле адбываліся нерэгулярна, бо ў той час шмат святароў былі арыштаваны або выехалі на выгнанне. Падчас вайны набажэнствы на пэўны час узнавіліся. У ходзе баёў за Мінск будынак касцёла быў значна пашкоджаны. Пасля вайны набажэнствы ў касцёле не адбываліся; было разрабавана, знішчана ці вывезена ўсё, што яшчэ заставалася ад унутранага ўбрання. Будынак доўгі час выкарыстоўваўся як кнігасховішча, а Залатагорскія могілкі былі знішчаны. У 1976 г. касцёл быў часткова адрамантаваны, у ім размясцілася філарманічная зала камернай музыкі.

У 1991 г. парафія была адноўлена, у касцёле пачалі адбывацца набажэнствы.

(AG)

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.