Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску прайшла сустрэча святароў архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.11.2014 17:40

13 лістапада адбылася сустрэча святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сустрэча праходзіла ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску.

Сустрэча пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на чытанне Евангелля на чацвер ХХХІІ Звычайнага тыдня, дзе Езус, адказваючы на пытанне фарысеяў, калі прыйдзе Божае Валадарства, кажа, што яно прыйдзе як маланка, якая мільгае з аднаго краю неба да другога.

«Што супольнага мае маланка з прыйсцем Божага Валадарства? Габрэі ў часы Езуса Хрыста з нецярплівасцю чакалі знаку, які б нагадваў аб прыйсці Месіі і Божага Валадарства. Яны не прынялі Езуса як доўгачаканага Месію, таму, задаючы такое пытанне, фарысеі хацелі выпрабаваць Езуса. Езус, аднак, здзівіў іх сваім адказам, што Божае Валадарства ўжо сярод іх. Трэба заўважыць, што Езус казаў аб прыйсці Божага Валадарства як падзеі, якая ўжо адбылася і адначасова якая будзе мець месца напрыканцы часоў», — нагадаў арцыпастыр.

Іерарх дадаў, што «дзень Пана» ў Старым Запавеце разумеўся як дзень, калі Бог праявіць сваю магутнасць і славу і знішчыць усіх ворагаў Ізраіля. Гэты дзень таксама азначаў дзень Божага суду над Ізраілем і ўсімі народамі, калі ўсе тыя, хто навярнуўся, будуць збаўлены, а тыя, хто не ўчыніў гэтага, будуць пакараны.

«Езус вучыў сваіх слухачоў, што Месія (...) прыйдзе нечакана, каб правесці Божы суд. Тады Яго ўсе ўбачаць, падобна як бачаць маланку падчас буры, — адзначыў Мітрапаліт. — Кажучы аб будучым прыйсці Месіі, Езус адначасова нагадвае аб тым, што Ён ужо прыйшоў і што Божае Валадарства не знаходзіцца справа ці злева, але што яно сярод нас і прысутнічае ў асобе самога Езуса, якога Яго Нябесны Айцец паслаў збавіць свет ад граху і карупцыі».

 

«Наша надзея заякарана ў Божым Валадарстве, а не ў валадарствах гэтага свету, — падкрэсліў арцыбіскуп. — У Езусе мы бачым як магутнасць, так і хвалу Божага Валадарства. Яго боская моц перамагае сілы зла і граху. Езус добра ведаў, што адзіны шлях да перамогі зла — гэта крыж (...) Cёння, калі мы з кожным днём набліжаемся за завяршэння літургічнага года, трэба спытаць сябе: у чым заякарана наша надзея? У справах сучаснага свету ці ў Богу? Адказ на гэтае пытанне з’яўляецца адказам на тое, ці ёсць у нас Божае Валадарства. Калі злы дух не прысутнічае ў нас і ў нашых душах больш не валодае грэх, то Божае Валадарства ёсць у нас».

«Божае Валадарства праяўляецца ў праведным жыцці, міры і радасці. Калі мы жывём праведным жыццём, абвяшчаем супакой і Божую радасць, то тады сапраўды Божае Валадарства ёсць у нашых сэрцах. У той жа час, калі мы жывём духам няпраўды, канфліктаў і меланхоліі, якія забіваюць у нас жыццё духа, то мы ўжо не належым да Божага Валадарства, але да валадарства злога духа. Гэта знакі таго, да каго мы належым», — заўважыў арцыпастыр.

 

Падчас пастырскай сустрэчы Мітрапаліт паведаміў, што трансляцыя Імшы Божага Нараджэння ў гэтым годзе адбудзецца з мінскай архікатэдры і распачнецца 24 снежня ў 21.45. Імшу Божага Нараджэння ў магілёўскай катэдры ўзначаліць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

У сувязі з Сінодам Біскупаў на тэму сям’і, які адбыўся ў Ватыкане 5-19 кастрычніка і ў якім Мітрапаліт прымаў удзел, арцыпастыр прадставіў увазе сабраных кароткую постсінадальную рэфлексію. «Па выніках Сінода можна зрабіць тры наступныя высновы. Першая — выклікі сям’і прысутныя ва ўсім свеце. Другая — вучэнне Касцёла аб сям’і не змяняецца. Трэцяя — сям’я патрабуе падтрымкі і суправаджэння, асабліва падчас крызісаў. Таму ўзрастае роля і адказнасць не толькі душпастыраў, але сямейных кансультацый і проста сем’яў, якія сваім прыкладам могуць і павінны дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў крызісе», — адзначаецца ў рэфлексіі.

«Рэляцыя Сінода (...) з’яўляецца тым дакументам, які неабходна вывучаць, каб належным чынам падрыхтавацца да новага Сінода, які павінен стаць вырашальным у падрыхоўцы пастырскіх праграм для вырашэння крызісу сям’і. Яго заданнем будзе выпрацаваць рэкамендацыі Папу з мэтай перамагчы крызіс гэтай галоўнай клеткі кожнага грамадства, — адзначае Мітрапаліт. — Сінод яшчэ раз падкрэсліў, што сям’я, як галоўная клетка грамадства і яго фундамент, уключаецца ў місію абвяшчэння Евангелля і праз гэта ў місію змены аблічча зямлі. У гэтым сэнсе сям’я можа і павінна стаць надзеяй свету».

Поўны тэкст постсінадальнай рэфлексіі>>>

Ксёндз Ігар Лашук у межах сталай фармацыі выступіў з дакладам на тэму «Што такое апостальства дапамогі душам чысцовым».

Аплатковая сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбудзецца 22 снежня ў мінскім архікатэдральным касцёле.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.