Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свецкія кармэліты разважалі ў Мінску над значэннем кантэмпляцыйнай малітвы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.11.2014 14:43

8 лістапада ў парафіі Божага Цела ў Мінску адбылася чарговая сустрэча Трэцяга ордэна кармэлітаў босых святога Юзафа.

Гэтым разам свецкія кармэліты з розных куткоў Беларусі (Мінск, Стаўбцы, Бабруйск) сабраліся разам, каб паглыбляць сваю веру праз кармэлітанскую малітву.

Гэты год асаблівы ў супольнасці Кармэлю. Кармэліты босыя распачалі святкаванне 500-годдзя нараджэння святой Тэрэзы ад Езуса, панны і доктара Касцёла.

Постаці гэтай святой, а таксама ўнутранай кантэмпляцыйнай малітве была прысвечана канферэнцыя, якую падрыхтаваў дыякан Аляксандр Стока OCD.

Гэта малітва для выбраных людзей, якія сапраўды шукаюць Бога. У сваёй «Кнізе жыцця» святая распавяла, што на працягу амаль 20 гадоў унутраная малітва ў яе не атрымлівалася. Яна не разумела яе да канца, нават мучалася.

Пазней жа атрымала ад Пана Бога вялікі дар сузірання, а сёння дае нам парады адносна малітвы, да якой трэба падыходзіць з вялікай надзеяй, адважна, не баючыся цяжкасцяў, адкінуўшы страх і нязломна ідучы наперад.

Дыякан Аляксандр Стока OCD распавёў таксама пра сем асноўных метадаў кармэлітанскай малітвы. Адпаведныя практычныя заняткі па навучанні ўнутранай малітвы, якая засноўваецца на духоўнай спадчыне святой Тэрэзы ад Езуса, праходзяць кожны чацвер у 18.00 у капліцы Маці Божай Шкаплернай (вул. Герасіменкі, 6/1) у Мінску. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.

Ірына Шыцікава

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.