Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Cвецкі закон кармэлітаў босых у Мінску запрашае на «Школу кармэлітанскай малітвы»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.10.2014 13:44

Cвецкі закон кармэлітаў босых у Мінску запрашае ўсіх жадаючых на «Школу кармэлітанскай малітвы». Кожны чацвер а 18-й гадзіне ў мінскай парафіі Божага Цела (вул. Герасіменкі, 6а) удзельнікі будуць вучыцца слухаць Бога праз практыкаванне ўнутранай малітвы.

«Чалавек, які набліжаецца да Бога, хоча з Ім размаўляць. Размова з Богам — гэта малітва. Малітва мае свае этапы развіцця.

Спачатку чалавек узносіць малітву вуснамі. Напрыклад, падчас малітвы “Ойча наш…” чалавек здольны выказаць самога сябе, молячыся засяроджана, пабожна. І такая малітва прыемная Богу. Аднак з часам малітва прагне развіцця. І тады ўжо недастаткова чытаць малітвы з малітоўніка, каб выказаць тое, што ў нас унутры. Настае час, калі трэба звяртацца да нашага добрага Айца сваімі словамі: шчыра, проста, з глыбіні сэрца. Спачатку лягчэй за ўсё бывае прасіць аб патрэбных ласках і дзякаваць за іх. Але калі чалавек прагне наблізіцца да Бога, то ад малітвы просьбы і падзякі паступова пераходзіць да новай малітвы. Яе называюць медытацыяй альбо ўнутранай малітвай. У малітве просьбы і падзякі чалавек, хутчэй за ўсё, гаворыць. Шчыра, ад усяго сэрца, але ён увесь час з нечым звяртаецца да Бога. Ва ўнутранай малітве чалавек вучыцца слухаць — слухаць, што Езус сёння хоча яму сказаць, чаму навучыць, што растлумачыць. У такой малітве я спачатку слухаю — і толькі потым адказваю.

Як слухаць Бога? Гэта зусім нескладана. Трэба ўзяць Святое Пісанне, найлепш Евангелле, і разважаць над невялічкімі яго фрагментамі, уваходзіць у глыбіны Пісання. Разважаючы над Святым Пісаннем, пазнаваць Езуса Хрыста. Можна таксама карыстацца творамі святых — людзей, якія глыбока пазналі Пана Езуса.

Унутраная малітва — гэта падрыхтоўка да новай малітвы, у якой ініцыятыву бярэ на сябе Бог, у якой Бог уваходзіць са сваёй сілай, калі ўсё становіцца больш простым. Такая малітва называецца сузіраннем», — адзначаюць арганізатары.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.