Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Вітай, Марыя» на вечаровай плошчы Незалежнасці — Ружанцовы Кангрэс у Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.10.2014 10:07
4-5 кастрычніка святары разам з вернікамі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўдзельнічалі ў Ружанцовым Кангрэсе, які распачаўся канферэнцыяй і малітоўнымі набажэнствамі ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены, а на наступны дзень працягнуўся ў мінскай архікатэдры.
 
У кангрэсе прыняў удзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
 
Працэсія на чале з крыжам рушыць ад алтара да галоўных уваходных дзвярэй, а “Вітай, Марыя” прамаўляюць чатыры розныя галасы адной сям’і, аб’яднанай малітвай на ружанцы.
 
Людская рака Касцёла
 
Бацька Анатоль, маці Людміла і дочкі Ганна і Марыся Завадскія з парафіі ў Лошыцы. Яны вылучаюцца сярод натоўпу не толькі таму, што праводзяць малітву — разважаюць над таямніцай «Звеставання», прамаўляючы дзесяць разоў тое, што Маці Божай аб’явіў анёл: у іх яшчэ і адмысловае адзенне — нацыянальнае.
 
За крыжам пяцёра мужчын нясуць абразы з напісанымі таямніцамі Ружанца радаснай часткі, святары па чарзе прамаўляюць павучальныя каментары і разважанні перад пачаткам кожнай новай таямніцы, нібы перадаючы адзін аднаму малітоўную эстафету. Гэтыя святары прыехалі на Ружанцовы Кангрэс разам са сваімі парафіянамі з розных мясцовасцяў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Людзі доўгай ланцужынай рухаюцца вакол Чырвонага касцёла, большасць з іх трымае ў руках запаленыя свечкі і перабірае пальцамі ружанец, сярод іх шмат жанчын, але прысутная і студэнцкая моладзь, і гаспадары: дзядулі, бацькі, сыны.
 
Калякасцёльную тэрыторыю і гэтую малітоўную працэсію праводзяць позіркам выпадковыя мінакі, моладзь, што бавіць час, седзячы на лаўках плошчы Незалежнасці, вартавыя, што ахоўваюць Дом Ураду, ціхмяная і завіслая ў часе ці ў гісторыі, а можа, у свядомасці, а можа, і проста забытая фігура Леніна.
 

Працэсія рушыць у касцёл, дзе кожны яшчэ больш можа затрымацца на малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, такім чынам узбагачаючы сваёй малітвай і прысутнасцю Ружанцовы Кангрэс, які пачаўся ў Мінску 4 кастрычніка, і які ахопіць ўсе дыяцэзіі Беларусі.

Распачаўся ж Ружанцовы Кангрэс у касцёле свв. Сымона і Алены з прывітальнага слова пробашча кс. Уладзіслава Завальнюка, які перадаў слова кс. Юрыю Санько.

Ксёндз Юрый Санько ў сваю чаргу прачытаў даклад да ўдзельнікаў кангрэсу, якіх, дарэчы, ён параўнаў з “Божым войскам”.

«Час адраджэння прайшоў, сёння мы кажам пра развіццё Касцёла, якое робіце і вы!» — заўважыў святар, які ў дакладзе нагадаў пра гісторыю Ружанца, формы і тэалогію гэтай малітвы.

«Ружанец дапамагае зразумець нашу чалавечнасць, дзякуючы чаму нам становіцца лягчэй разумець Бога», — дадаў дакладчык і, спасылаючыся на словы святога Яна Паўла ІІ, вялікага аматара ружанцовай малітвы, заклікаў адкрыць важнасць і яе прыгажосць. «Ружанец — гэта не проста малітва, Ружанец — гэта лад жыцця», — скончыў словамі св. Яна Паўла ІІ сваё слова да прысутных кс. Юрый Санько.

Наступным да ўдзельнікаў колаў Жывога Ружанца звярнуўся кс. Андрэй Сіповіч, які зазначыў, што Ружанец — гэта малітва салідарнасці чалавека за чалавека, а таксама малітва супольнасці. Святар звярнуўся да прысутных з пытаннем: «Ці памятаеце вы першы раз і той дзень, калі пачалі маліцца на ружанцы?»

Пасля сустрэчы і канферэнцыі парафіянін Чырвонага касцёла Аляксандр Кашцелян падзяліўся сваімі ўспамінамі. Ён сказаў, што яго ў маленстве навучыў маліцца бацька, а зараз ён моліцца таму, што верыць: «Вера — гэта дабро. Гэта не толькі прыходзіць у касцёл і рабіць знак крыжа. Вера дае мне палёгку. Я малюся, бо я люблю Бога». У Аляксандра Кашцеляна каталіцкая сям’я, дзеці жывуць у Санкт-Пецярбургу, дзе таксама наведваюць касцёл і ў выхоўваюць у веры сваіх дзяцей.
 
Яднанне ў Ружанцы
 
На гэтае ж пытанне адказала і ўся сям’я Завадскіх. Анатоль з добразычлівай усмешкай прызнаўся, што яго навучыла маліцца на ружанцы жонка, і дадаў: «крыху пад прымусам». «Маліцца на ружанцы пачалі пасля таго, як павянчаліся, — дадае жонка Людміла. — І дзяцей навучылі маліцца з самага маленства». Дочкі Ганна і Марыся кажуць, што спачатку навучыліся маліцца па-польску, а потым — па-беларуску.
 
 
Таксама сям’я Завадскіх паведаміла, што кожны вечар збіраецца на супольную ружанцовую малітву, у кожнага ёсць свая любімая таямніца: у дачкі Марысі – «Нараджэнне Збаўцы», у дачкі Ганны і ў таты Анатоля — «Звеставанне», а ў маці Людмілы — «Малітва Езуса ў садзе Аліўным».

Пасля дакладаў усе накіраваліся на святую Імшу, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Падчас гаміліі біскуп падзяліўся асабістым досведам ружанцовай малітвы ў жыцці і ў гісторыі Чырвонага касцёла, прыгадаўшы часы сваёй вучобы ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, заклік да малітвы на ружанцы кс. Уладзіслава Завальнюка, дзякуючы якому і малітве вернікаў быў адваяваны будынак гэтай святыні, была адстаяна вера і духоўнасць беларусаў.

Біскуп Юрый Касабуцкі падкрэсліў важнасць малітвы на ружанцы, як малітвы, якая аб’ядноўвае людзей, дапамагае чалавеку знайсці сцяжыну да Бога, а Богу дастукацца да чалавека.

Першы дзень Ружанцовага Кангрэсу скончыўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту ў касцёле свв. Сымона і Алены, а другі працягнуўся малітваю вернікаў і святой Імшой у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

Другая частка кангрэсу, падчас якой будуць разважаць над таямніцамі святла, пройдзе 11-12 кастрычніка ў Віцебску.

Аксана Ючкавіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.