Фотавыстава «Жыццё, як катэхізіс» да 100-годдзя кардынала Казіміра Свёнтка арганізавана ў Нарачы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.10.2014 12:57

Вернікі парафіі Св. Андрэя ў Нарачы пачынаюць духоўную падрыхтоўку да ўрачыстасцей 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, якія будуць адзначацца 21 кастрычніка. Да юбілею ў парафіі арганізавана фотавыстава «Жыццё, як катэхізіс», якая адлюстроўвае самыя важныя моманты з жыцця кардынала.

Акрамя таго у бібліятэцы парафіі падрыхтавана выстава кніг і часопісаў «Бачнае — часовае, нябачнае — вечнае», дзе чытачы могуць знайсці матэрыялы пра жыццё і навучанне кардынала Казіміра Свёнтка.

Каб пазнаёміць маладое пакаленне з асобай Казіміра Свёнтка і яго роляй у адраджэнні Каталіцкага Касцёла на Беларусі, запланаваны цыкл катэхезаў «Верны Богу і касцёлу». Для маладых вернікаў парафіі аб’яўлены конкурс малюнкаў «Наш добры дзядуля», назву для якога прыдумала старэйшая моладзь парафіі, якая мела шчасце доўгі час падтрымліваць сяброўскія адносіны з кардыналам Казімірам Свёнткам. Таксама моладзь нарачанскай парафіі рыхтуецца да пілігрымкі ў Пінск на святкаванне ўрачыстасці 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, да такой жа пілігрымкі, але ад Чырвонага касцёла, могуць далучыцца вернікі мінскіх парафій.

21 кастрычніка ў 18.30 у нарачанскай парафіі будзе цэлебравацца Імша святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Перад Эўхарыстыяй парафіяльная моладзь правядзе адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта, падчас якой будуць гучаць урыўкі з гамілій кардынала.

Паводле naracz.na.by

 
© 2003-2024 Catholic.by