Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пілігрымы з Вілейкі маліліся да Маці Божай Бялыніцкай у Горках
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.09.2014 12:23

20 верасня адбылася аўтобусная пілігрымка з Вілейкі ў парафію Маці Божай Бялыніцкай у Горкі. Шлях у 350 кіламетраў быў напоўнены спевамі і малітвамі праз заступніцтва Маці Божай Бялыніцкай.

Пілігрымку ўзначаліў пробашч вілейскай парафіі кс. Аляксандр Барыла, якому дапамагаў семінарыст Павел Трон.

Падчас свайго шляху пілігрымы спыняліся, каб бліжэй пазнаёміцца з Касцёлам ва ўсходняй частцы Беларусі. Пілігрымка стала добрай магчымасцю для парафіян Вілейкі, каб наведаць місійныя тэрыторыі Магілёўшчыны, убачыць стан Касцёла на гэтых землях і падтрымаць яго сваёй малітвай і ахвярай.

Пробашч парафіі ў Горках кс. Андрэй Кеўліч добра вядомы вілейскай парафіі, бо калісьці служыў у ёй вікарыем. На парафіяльную ўрачыстасць у Горкі прыехала 55 вілейчан. У ліку пілігрымаў была і Ядвіга Пастэрнак, якая ў свой час атрымала ліст ад Папы Францішка.

 

 

Парафія Маці Божай Бялыніцкай зусім невялікая, аднак гасцей на ўрачыстасць прыехала так шмат, што мясцовая капліца не змясціла ўсіх жадаючых. Адпустовая святая Імша цэлебравалася на палявым алтары, змайстраваным рукамі пробашча і пры дапамозе іншых святароў. Эўхарыстыя пачалася ўрачыстым унясеннем абраза Маці Божай Бялыніцкай, а скончылася адмысловай малітвай праз заступніцва Нябеснай Маці.

Адна з пілігрымаў Галіна Кажарновіч дзеліцца сваімі перажываннямі:

«Шчаслівая, што прыняла ўдзел і радавалася разам з парафіяй Маці Божай Бялыніцкай! Пані Божа, адрадзі веру гэтага краю, Матачка Божая, падтрымай святароў!»

Кацярына Дурко

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.