Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Распараджэнне Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.09.2014 14:33

Святы Айцец Францішак устанавіў нядзелю 28 верасня 2014 г. Днём малітваў у інтэнцыі III Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў на тэму «Душпастырскія выклікі, звязаныя з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі». Сінод адбудзецца ў Ватыкане 5-19 кастрычніка.

У сувязі з гэтым загадваю ва ўсіх парафіях і манаскіх супольнасцях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі 28 верасня 2014 г. маліцца ў гэтай так важнай у жыцці сучаснага Касцёла інтэнцыі і пасля кожнай Імшы прачытаць малітву Святога Айца Францішка да Святой Сям’і.

Заахвочваю святароў, кансэкраваных асобаў, сем’і і вернікаў маліцца аб поспеху Сіноду перад яго распачаццем і падчас трывання.

З благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 20 верасня 2014 г.


Малітва да Святой Сям’і ў інтэнцыі Сіноду


Езу, Марыя і Юзэфе,
Ад вас зыходзіць
Ззянне сапраўднай любові,
Да вас мы звяртаемся з даверам.
Святая Сям’я з Назарэту,
учыні таксама нашыя сем’і
асяродкамі еднасці і вячэрнікамі малітвы,
сапраўднымі школамі Евангелля
і малымі хатнімі Касцёламі.
Святая Сям’я з Назарэту,
няхай больш ніколі ў нашых сем’ях
не будзе насілля, адасобленасці і падзелаў;
калі ж хто быў зранены або трапіў у спакушэнне,
няхай як мага хутчэй спазнае суцяшэнне і ацаленне.
Святая Сям’я з Назарэту,
просім, каб Сінод Біскупаў,
які мае адбыцца, паспрыяў, каб ва ўсіх абудзілася свядомасць
сакральнасці і непарушнасці сям’і,
Яе прыгажосці ў Божай задуме.
Езу, Марыя і Юзэфе,
Пачуйце і выслухайце нашыя просьбы. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.