Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Няхай твая стылёвасць будзе хрысціянскай: Імша для студэнтаў на пачатак навучальнага года
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.09.2014 00:00

17 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша для студэнтаў з нагоды распачацця новага навучальнага года. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Звяртаючыся да навучэнцаў, іерарх прапанаваў ім на пачатку новага навучальнага года паразважаць над словамі з Евангелля: «Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся!» (Лк 12, 49).

Мітрапаліт нагадаў, што агонь займае асаблівае месца ў біблійнай сімволіцы. Агонь патрэбны для таго, каб чалавек мог жыць; на ім гатуюць ежу; агонь абагравае і асвятляе. Але адначасова агонь вельмі небяспечны, можа спаліць дом і нават прывесці да смерці чалавека. Такім чынам, па словах арцыпастыра, агонь, калі выкарыстоўваецца паводле свайго прызначэння, жыццёва неабходны, калі ж выкарыстоўваецца не згодна з першасным прызначэннем, то можа прынесці шмат зла.

 

«Веды і навука – гэта як быццам агонь, — адзначыў арцыбіскуп, кажучы пра вучобу. — Яны, калі выкарыстоўваюцца згодна з Божай воляй, прыносяць плён і вельмі патрэбныя для жыцця чалавека і яго ўдасканалення. У той жа час, калі яны выкарыстоўваюцца не згодна з Божай воляй, то становяцца вялікім выклікам і нават пагрозай чалавецтву».

У якасці прыкладаў такога не згоднага з Божай воляй выкарыстання ведаў і навукі іерарх нагадаў пра выкарыстанне ядзернай энергіі ў сучасным свеце, пра трагедыю Хірасімы і Нагасакі, Чарнобыльскую трагедыю і нядаўнюю трагедыю на Фукусіме.


Арцыпастыр узгадаў таксама пра «не згоднае з Божай воляй выкарыстанне дасягненняў генетыкі, калі чалавек урываецца ў святая святых – у перадачу Божага дару жыцця».

Поўны тэкст гаміліі тут››

Кажучы студэнтам пра распачацце новага навучальнага года, Мітрапаліт назваў яго новым этапам іх фармацыі, падкрэсліўшы, што ён не павінен быць аднабаковым – значыць толькі навуковым без адносін з духоўнасцю і маральнасцю. «Мы павінны быць сведкамі хрысціянскага стылю жыцця. Мы, хрысціяне, пакліканы да гэтага і свет ад нас чакае такога сведчання. Чакае ў студэнцкай аўдыторыі, у лабараторыі, у інтэрнаце, на стадыёне і дыскатэцы, ва ўсіх жыццёвых абставінах», — дадаў іерарх.

Па словах арцыпастыра, чалавек павінен развівацца гарманічна і навуковае ўдасканальванне павінна ісці ў нагу з духоўным.

Пасля святой Імшы студэнты былі запрошаны на сустрэчу моладзі. Гэтыя сустрэчы традыцыйна ў катэдральным касцёле адбываюцца ў кожны чацвер пасля Імшы ў 18.30.

Студэнты маглі паразмаўляць з арцыбіскупам і святарамі. На гэтай першай "уводнай" сустрэчы, была прачытана першая - уводная лекцыя, а дакладчыкам-выкладчыкам давялося быць яшчэ нядаўна самаму студэнту-семінарысту, а зараз ужо святару і вікарыю Чырвонага касцёла кс. Раману Сушу.

Лекцыя пра этапы духоўнага сталення (фармацыі) і канфлікты рэлігійнай скіраванасці, з якімі могуць сутыкацца студэнты падчас сваёй вучобы як ва ўніверсітэце, так і ў новым студэнцкім сяброўскім коле, заклікала да важнасці ўдзелу ў катэхетычных і малітоўных сустрэчах. 

Важна быць у супольнасці і пазбягаць ананімнасці 

Ксёндз Раман Суша, гаворачы пра адзін са "сталбоў"-складнікаў фармацыі, падкрэсліў важнасць супольнасці, акдрытасці на гэтую супольнасць. Супольнасці, у якой небяспечна "быць ананімнымі", бо гэта ананімнасць прыводзіць да адчужанасці і аддалення спачатку ад Касцёла, а потым зусім і ад веры.

Уводная лекцыя пра важнасць духоўнага развіцця і паглыблення ў веры перацякла ў размову паміж студэнтамі і арцыбіскупам.

Першае пытанне, якое было агучана студэнтам, тычылася дазволу на прыезд Папы Францішка ў Беларусь, ці гэта залежыць ад касцёльных, ці ад афіцыйных уладаў. Адказваючы, Мітрапаліт прыгадаў, што Папу Рымскага  запрашае Касцёл і ўрад. Аднак Папа як правіла не едзе ў краіну, дзе большаць вернікаў складаюць іншыя веравызнанні, без іх запрашэння. Таму проста касцёльнага запрашэння недастаткова.

Адно з пытанняў ад студэнтаў было вельмі канкрэтнае і тычылася лічбаў, а дакладней колькасці моў, на якіх арцыбіскуп можа звярнуцца да людзей. На што іерарх адказаць канкрэтна адразу не змог, але адзначыў, што ў Маскве гэтая колькасць была каля 15-16, і ён выкарыстоўваў да "звычайнага набору" моў яшчэ і армянскую, в'етнамскую, а таксама філіпінскі дыялект — тагалок. Таксама арцыпастыр распавёў выпадак пра тое, як аднойчы давялося казаць гамілію на партугальскай мове, але, як яму пазней перадалі, гамілія атрымалася адразу на бразільскай.

Як старшы лейтэнант стаў проста радавым 

На сустрэчы было шмат хлопцаў, ад якіх паступіла пытанне аб тым, ці служыў арцыбіскуп у войску. Аказалася, што падчас вучобы ва ўніверсітэце ён меў ваенную кафедру, а пасля абароны дыплома на працягу трох месяцаў праходзіў зборы ў Крыме. У ваенным білеце ўжо з'явіўся надпіс "старшы лейтэнант", да якога пасля інстытута спачатку быў «малодшы лейтэнант запасу», потым «лейтэнант». Але званні былі закрэслены і паніжаны да "радавога", калі Тадэвуш Кандрусевіч стаў семінарыстам.

Таксама моладзь запыталася пра асаблівасці служэння ў Расіі, дзе ў адказе Мітрапаліт з жалем сказаў, што ў Беларусі, у адрозненні ад Расіі, яму не хапае інтэлігенцыі, вялікай каманды інтэлігенцыі. У сувязі з гэтым іерарх заклікаў прысутную моладзь да спасцігання навукі і гарачай малітвы, каб было з каго паўстаць гэтай камандзе.

"Маліцца ды вучыцца!" - і будзе гэта каманда, якая павінна здзяйсняць "добрую прэзентацыю Касцёла" ў краіне і ў свеце. 


(AG), (AYU)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.