Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў Вішневе
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
31.08.2014 15:32

31 жніўня 2014 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе. Падчас Імшы адбыліся сакрамэнт канфірмацыі і асвячэнне алтара св. Юзафа.

Падчас Імшы, звяртаючыся да парафіян у гаміліі, Мітрапаліт звярнуў увагу, што важна не прыстасоўвацца да сучаснага свету, а перамяняць яго. Па словах іерарха, самая вялікая праблема сучаснасці – “жыць так, як жывуць іншыя”, “плысці па цячэнні, а не супраць”, “жыць філасофіяй натоўпу, калі жыццёвым сredo становіцца не Божае права, але стыль жыцця грамадства”.

“Менавіта гэты свет Хрыстус прыйшоў збавіць. Гэта свет самадастатковасці, самазадаволенасці, ганарлівасці, духоўнай цемры, - адзначыў арцыпастыр. - У сакрамэнце хросту мы былі інкарпараваны ў іншы, Божы свет. Дзякуючы гэтаму кожны з нас з’яўляецца часткай новага свету, імя якому Божае Валадарства. Тысячы і тысячы людзей з надзеяй глядзяць на нас, каб мы асвятлілі цемру іх жыцця святлом Хрыста. І самая галоўная праблема - гэта спакушэнне тым, што вакол нас, з мэтай адрачыся ад таго, што ў нас унёс сакрамэнт хросту”.

Тлумачачы урывак з Евангелля на гэтую нядзелю, Мітрапаліт адзначыў: “Езус дакарае апостала Пятра, які не хоча нават дапусціць думкі аб смерці свайго Настаўніка. Можа, гэта цяжка зразумець. Хрыстус толькі што ўстанавіў Пятра скалой, каб на ёй будаваць свой Касцёл. А цяпер называе яго сатаной. Як так можа быць? Можа, бо Пётр думаў не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае. Ён яшчэ не перамяніўся Божай моцай, але заставаўся духоўна старым, бо ў сваім мысленні быў дастасаваны да гэтага свету”. “Мы не можам дазволіць, каб так адбывалася з намі. Свет, які знаходзіцца ў грахоўнай цемры, патрабуе святла Евангелля, - падкрэсліў іерарх. - Людзі шукаюць надзеі. Яны хочуць ведаць сэнс свайго жыцця. Нашым заданнем ёсць даць яго ім. Мы павінны стаць святлом Хрыста для іншых. Каб дасягнуць такой мэты, мы не павінны дастасоўвацца да гэтага свету, але быць зменены Божай ласкай”. Для гэтага, дадаў арцыпастыр, неабходна “дазволіць Богу дзейнічаць у нашых сэрцах”.

Мітрапаліт нагадаў, што ў сакрамэнце канфірмацыі Святы Дух адорвае чалавека сваімі сямю дарамі і ўмацоўвае яго веру, “каб жыў ёю, а не духам свету, і каб паступаў паводле Божай волі”. Кажучы пра асвячэнне алтара св. Юзафа, іерарх звярнуў увагу, што гэты святы “добра зразумеў Божую волю і дазволіў Богу дзейнічаць у яго сэрцы”, і па яго прыкладзе сучасным хрысціянам неабходна даверыць сябе Богу і з радасцю выконваць Яго волю, “што і з’яўляецца гарантыяй нашага шчасця тут, на зямлі, і ў вечнасці”.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Арцыбіскуп падкрэсліў, што “Евангелле нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла і праз нас змяняла свет”, і пажадаў вернікам не прыстасоўвацца да звычаяў секулярызаванага свету, але імкнуцца да яго перамены паводле прынцыпаў Евангелля.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.