Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Абнаўленне манаскіх шлюбаў Артура Ляшнеўскага прайшло ў Дзятлаве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.08.2014 12:20
24 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлава адбылося ўрачыстае аднаўленне часовых манаскіх шлюбаў кл. Артура Ляшнеўскага SDB.
Для таго, каб вернікі маглі добра падрыхтавацца да гэтай значнай падзеі, за гадзіну да ўрачыстасці была арганізавана адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта з разважаннямі аб таямніцы паклікання. Падчас малітвы прагучала шмат песняў да Святога Духа. Урачыстая святая Імша сабрала не толькі дзятлаўскіх вернікаў, але і моладзь з мінскага і смаргонскага араторыяў, а таксама шматлікіх святароў.
 
Падчас гаміліі, якую прамовіў ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, узгадваліся словы з нядзельнага Евангелля, а менавіта пытанне Езуса: «А кім вы лічыце Мяне?». Кс. Віктар пажадаў, каб гэтае пытанне не давала спакою і кожны ў сэрцы нястомна адказваў сабе на яго.
 
Наступным момантам стаў абрад абнаўлення манаскіх абяцанняў, якія кл. Артур склаў на рукі кс. Віктара. Клерык Артур паабяцаў перад Богам і людзьмі жыць у чысціні, беднасці і паслухмянасці. Пасля прачытанага акта шлюбаў кс. Віктар па-братэрску абняў клерыка ў знак прыняцця яго ў супольнасць салезіянаў кс. Боско.

Напрыканцы святой Імшы прагучалі словы віншаванняў ад моладзі і парафіянаў, а таксама ад сяброў кл. Артура. Пасля кс. Віктар Гайдукевіч удзяліў сабраным благаслаўленне праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў, якое так часта ўдзяляў пры жыцці св. Ян Боско.
 
Урачыстае святкаванне працягнулася ў дзятлаўскім араторыі імя блл. мучанікаў з Познані. Святары, сёстры і моладзь змаглі добра правесці час і крыху падсілкавацца.

Яна Жадзейка, паводле sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.