Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію ў Хатаве на 80-годдзе кансэкрацыі касцёла
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.07.2014 22:29

27 ліпеня 2014 г. пасля завяршэння Малітоўнай сустрэчы моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, што праходзіла ў Івянцы 25-27 ліпеня, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Хатаве. У гэты дзень у парафіі святкавалася 80-годдзе кансэкрацыі касцёла.

Перад святыняй, напоўненай вернікамі, іерарха сустрэлі хлебам соллю. Мітрапаліт узначаліў святую Імшу, якую разам з ім канцэлебравалі 6 святароў.

У гаміліі, зыходзячы з рэфрэну чытанняў Імшы XVII Звычайнай нядзелі, арцыпастыр заклікаў дзякаваць Богу за Яго дабрыню, якая бачна таксама і ў гісторыі гэтай святыні. Мітрапаліт адзначыў, што яна адзначае 80-годдзе кансэкрацыі, але большую частку гэтага часу ў ёй не праводзіліся набажэнствы. І толькі ў 1990 г. падчас "перабудовы", калі ўжо адбываліся сацыяльна-палітычныя змены ў былым СССР, святыня была ў разбураным стане перададзена вернікам. Вельмі хутка яна была адбудавана і сёння, як дадаў іерарх, ізноў цешыць вока сваім прыгожым сакральным выглядам.

“У гэтай каменнай святыні будуецца святыня з чалавечых сэрцаў. Яна становіцца такой праз абвяшчэнне Божага слова, дзякуючы чаму людзі сустракаюцца з Хрыстом, каб потым карміцца Ягонай ласкай у сакрамэнтах”, - заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт падзякаваў шматгадоваму пробашчу гэтай парафіі кс. Марыяну Шэршню, які завяршыў рамонт і аддана клапаціўся аб парафіі. Арцыбіскуп таксама адзначыў, што ў гэтым годзе пробашч хатаўскай парафіі кс. Аляксандр Багдановіч адзначае 15-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння, і заклікаў вернікаў падтрымліваць яго ў малітве, каб ён паспяхова будаваў жывы Касцёл з душаў вернікаў.  

Пасля Імшы вернікі павіншавалі Мітрапаліта з 25-годдзем прызначэння біскупам і пажадалі яму далей плённа служыць на беларускай зямлі.

На тэрыторыі сучаснай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса знаходзіўся маёнтак былога ўладальніка Міхаіла Ленскага. У 1924 г. яго дачка Зоф’я (Марыя) Ленская, пазней па мужу Незабытоўская, пастанавіла выбудаваць на тэрыторыі маёнтку капліцу. Усяго праз год, у 1925 г., каплічка ўжо была перапоўнена, там адбываліся хросты, шлюбы, пахаванні.

Караль Незабытоўскі, муж Зоф’і Ленскай, абвясціў аб будаўніцтве новага мураванага касцёла і стаў яго галоўным фундатарам. Намаганнямі яго і жонкі пры актыўным ўдзеле парафіян у 1933 г. касцёл быў пабудаваны. Святыню кансэкраваў 29 жніўня 1934 г. біскуп Казімір Букраба, пастыр Пінскай дыяцэзіі. У 1935 г. былі асвячаны званы, якія назвалі ў гонар Незабытоўскіх – Караль, Зоф’я і Міхаіл (іх сын).

У часы ваяўнічага атэізму, прыкладна летам 1944 г., касцёл быў зачынены, пазней ператвораны ў склад, дзе захоўвалася збожжа і цукар для патрэбаў спіртзавода. Вежай касцёла карыстаўся лесхоз, каб назіраць за лесам. Яшчэ пазней будынак прыйшоў у заняпад: абваліўся дах, пачалі рассыпацца сцены.

З пачаткам “перабудовы” вернікі пачалі прасіць улады вярнуць ім касцёл. Асаблівыя намаганні прыклала Альберта Уліч, якая не шкадавала сіл, часу і сродкаў, каб вярнуць святыню, і ў рэшце рэшт гэта адбылося. Парафіяне самі ўзяліся за рамонт і аднову касцёла. Імкнучыся дапамагчы вернікам, кс. Антоні Дзям’янка, сённяшні біскуп Пінскі, былы пробашч парафіі ў Навагрудку, наведваў святыню і даваў парады. У канцы 1990 г. парафія атрымала святара – кс. Мар’яна Шэршня, які завяршыў адбудову касцёла. 19 кастрычніка 1991 г. касцёл быў рэкансэкраваны кардыналам Казімірам Свёнткам.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.