Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першы дзень Малітоўнай сустрэчы ў Івянцы: моладзь разважае пра “Шчаслівых убогіх духам” (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.07.2014 03:13

Малітоўная сустрэча ў Івянцы 2014 года стартавала 25 ліпеня і сабрала маладых, актыўных католікаў, якіх яднае не толькі ўзрост і імпэт, але  і малітва, пошук нечага большага — а дакладней, Найбольшага.

Адказную місію па ўліку ўдзельнікаў несла моладзь з Івянца: Крысціна Ціхановіч, Вераніка Гецман, Маргарыта Капуста і Надзея Самсоненка. Запісалася каля 130 асоб з розных месцаў Беларусі.
 
Як адзначыла рэгістрацыйная камісія, найбольшая колькасць удзельнікаў — 1998 і 1999 года нараджэння, значыць 16-гадовых. Сярод зарэгістраваных удзельнікаў і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якому 25 ліпеня – 25! (год асабліва актыўнага жыцця, якое далёка не кожнаму 16-гадоваму будзе пад сілу – біскуп, якому трэба быць на хвалі з кожным узростам! У гэты дзень адзначаецца 25-годдзе з таго часу, як сённяшні Мітрапаліт быў прызначаны біскупам.)

 

Ірына Ганько, маладая прадстаўніца медыцынскіх работнікаў з Івянца, фельчар «Хуֿткай дапамогі», сочыць за здароўем удзельнікаў. Ірына, якой не даводзілася раней праходзіць дзяжурства сярод каталіцкай моладзі, усміхаецца і кажа: «Я на такім мерапрыемстве ўпершыню працую, яшчэ зусім няшмат, усяго некалькі гадзін тут, і толькі назіраю за ўсімі. І здзіўляюся, што ў людзей такі добры настрой. На іхніх тварах радасць».



Мясцовыя парафіянкі і парафіяне раздаюць бульбу і кашу, а таксама салодкую гарбату, а потым дружна і заўзята мыюць посуд. Праца кіпіць.



Ля ног хлопцаў і дзяўчат час ад часу прабягаюць дзве авечкі, што складаюць частку парафіяльнай гаспадаркі, якую дапаўняюць яшчэ і коні. Першага ўжо сядлаюць, хтосьці нават вячэру вырашыў прапусціць, каб хутчэй пакаштаваць вольнага паветра на прыкасцёльным полі.

А некаторыя, стоячы ў чарзе за вячэрай, могуць разважаць пра тое, што значыць быць шчаслівым і ўбогім духам, і як гэтыя рэчы сумясціць, што і зрабіў Хрыстус падчас Нагорнага казання, сказаўшы: “Шчаслівыя ўбогія духам”. Гэтыя словы - дэвіз сёлетняй сустрэчы моладзі.

Яна Загайская, 14 гадоў: «Быць шчаслівым — адчуваць Бога, тое, што Ён побач. Я ў Івянцы адчуваю, што Бог нас чуе, што Ён чуе нашы малітвы. А “ўбогі духам” ты тады, калі ў тваім жыцці ёсць Бог і ты Яго любіш».

Сёстры Мікіцкія: Эвэліна і Бэата (12 і 16 гадоў адпаведна):

«Быць шчаслівым — значыць усміхацца, — кажа Эвэліна, — вось тут вакол усе ўсміхаюцца. Нават тыя, каго не ведаеш, але з якімі вельмі хутка знаёмішся».



«Шмат спосабаў быць шчаслівым. Чалавек шчаслівы, калі ён бывае з блізкімі людзьмі, калі ён не адчувае дыскамфорту. Для мяне гэта быць з роднымі людзьмі. А «ўбогі духам», па-мойму, - гэта калі чалавек духоўна слабы. Гэтаму чалавеку чагосьці вечна не хапае і ён ніяк не можа гэтага знайсці. Але я спадзяюся, што тут, у Івянцы, абавязкова ўсё знойдзеш», — дадае старэйшая.

Семінарыст Павел Трон з Пінскa:

«Хто такі чалавек убогі, ды неабавязкова духам, проста ўбогі, бедны? Чаго жадае чалавек бедны? Жылля, ежы, грошаў. Чаго яшчэ яму хочацца? Усяго хочацца. Таксама і ўбогі духам. Ён хоча быць з Богам, хоча быць шчаслівым, хоча ісці дарогай радасці і імкнецца гэта зрабіць, таму “благаслаўлёныя ўбогія духам”. Бедныя не ў фізічным сэнсе, а тыя, хто прагне любові Бога, шукае шчасця з Ім. Беднасць заключаецца ў тым, каб шукаць. Беднасць духу — заўсёды шукаць Бога».


Яна Бабушкіна са Ждановічаў, 17 гадоў:

«Быць шчаслівай — значыць рабіць тое, што любіш. Калі адчуваеш любоў, ты напаўняешся ёю. Гэта і ёсць шчасце, якое, напэўна, немагчыма патлумачыць. Гэта цудоўна, калі ты робіш тое, што любіш, і робіш гэта ў імя чагосьці.

«Убогі духам»? Я заўсёды разважала аб тым, што значыць “быць убогім духам”. “Убогі” — не той, хто выклікае шкадаванне, бо шмат пакутуе, а той, хто можа абраць іншы шлях, не шлях большасці, ісці так, як вядзе Бог, знайсці маленькую дарогу, якую ніхто не абраў, і ісці ёю, тым самым робячы сябе бедным, убогім.

“Шчаслівы ўбогі духам”. Калі ты знаходзіш любоў на гэтым маленькім шляху, не зважаючы, што ўбогі, то гэтым ты шчаслівы, бо не патрабуеш нічога свецкага».

Мар’яна Буркут з Мінска, 15 гадоў:

Для мяне быць шчаслівай — значыць адчуваць сябе патрэбнай, любіць і ўсведамляць, што цябе любяць, ведаць, што мае блізкія побач, жыць, дзякаваць Богу за Яго дары.

“Убогі духам”— значыць для мяне бедны духам. Але Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сёння сказаў, што быць “убогім” — значыць быць вольным, таму я лепш зразумела сэнс гэтага слова. Бог даў чалавеку права выбіраць. Я думаю, што калі чалавек вольны, ён шчаслівы».

Наталля Бандаровіч са Стоўбцаў, 25 гадоў:



«Быць шчаслівай — значыць адчуваць прысутнасць Бога ў сваім жыцці, не тое, каб адчуваць фізічна, а заўважаць у пэўныя моманты, што Бог закранае наша жыццё, ведаць, тое, што ты робіш суадносна з воляй Бога, ідзеш правільнай дарогай.

“Убогі” — значыць знаходзіцца ў Бога. Убогі духам не той, хто сябе абмяжоўвае, хто нічога не мае ўнутры сябе. Убогі духам — гэта той, хто накіроўвае сябе выключна на Бога. Убогія духам — гэта добра. Калі кажуць, што ты ўбогі, – гэта не значыць, што ты дурны, абмежаваны, але ты менавіта той, хто блізка Бога, таму “шчаслівыя ўбогія духам».

Кацярына Парыжаская з Мінскa, 18 гадоў:

«Што для мяне быць шчаслівым? Гэта разумець тое, што табе неабходны Бог. У мяне быў такі перыяд у жыцці, калі я вельмі чагосьці шукала. Я цяпер разумею, што я шукала Кагосьці.

Усе людзі нечага шукаюць, але дакладна не ведаюць, чаго. Для мяне ж быць шчаслівай – гэта ведаць, што я шукаю Бога.
    
Калі я навярнулася, гэта было сапраўднае шчасце. Шчасце шукаць Бога, верыць у Яго, верыць Яму. Што значыць быць убогім духам? Як я аднойчы чула гамілію ў касцёле аднаго святара. Яна мне прыйшлася вельмі да душы, і зараз я адчуваю, што гэта менавіта так. Убогі духам – той, хто патрабуе Бога. Бог не можа ўвайсці туды, дзе поўна, Ён уваходзіць туды, дзе пуста, каб напоўніць сваёй любоўю, дабрынёй чалавека, як сасуд».

Кожны, хто дзяліўся сваімі развагамі і думкамі, вельмі часта ўсміхаўся. З гэтага хочацца зрабіць адну выснову: моладзь, якая ўсміхаецца, – мае што сказаць іншым. Моладзь, якая ўсміхаецца, гатовая да дыялогу. І, як было адзначана на пачатку фельчарам Ірынай, якая назірала за ўсім з боку, і не толькі ёй, у Івянцы пераважная большасць людзей усміхаецца. А значыць, прыходзіць думка, гэтай моладзі ёсць што сказаць свету, сваёй краіне, сваім сябрам, бацькам і настаўнікам. Трэба прыслухацца – бо на сувязі з намі будучыня.

Першы дзень малітоўнай сустрэчы завяршыўся канцэртам, падрыхтаваным “Музычнай майстэрняй”, і малітвай перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Падрыхтавалі Аксана Ючкавіч, Кацярына Парыжаская

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.