Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Літургія Мукі Пана адбылася ў архікатэдральным касцёле Мінска
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.04.2014 02:42

Вечарам у Вялікую пятніцу, 18 красавіка, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася літургія Мукі Пана. Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у ёй прыняў удзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і шматлікія вернікі горада.

Вялікая пятніца – адзіны дзень у годзе, калі не цэлебруецца Эўхарыстыя, але адбываецца багатая па змесце літургія Мукі Пана. Для гэтай літургіі, у якой узгадваецца мука і смерць Хрыста, характэрна засяроджанасць і цішыня.

На пачатку літургіі Мукі Пана святары кладуцца перад алтаром тварам уніз, а вернікі моляцца на каленях, усведамляючы такім чынам сваю грэшнасць перад Богам. Падчас гэтай літургіі гучыць чытанне Мукі Пана, а таксама адбываецца адкрыццё крыжа, які быў на працягу Вялікага посту закрыты заслонай. Вернікі ўшаноўваюць Хрыстовы крыж, па чарзе падыходзячы да яго.

У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што Вялікая пятніца “вядзе нас на гару Галгофу, дзе памірае Езус за нашы грахі, каб нас вызваліць з іх палону”. “Само цярпенне без любові не мае ніякага значэння. Таму не цярпенне, але любоў збаўляе, - падкрэсліў іерарх. - Нездарма Хрыстус кажа, што “ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13). (…) Толькі праз прызму любові можна зразумець таямніцу крыжа. І толькі дзякуючы любові крыж становіцца тым плытом, дзякуючы якому можна перайсці на іншы бок надзеі”.

Па словах арцыпастыра, “разважаючы над таямніцай крыжа Езуса Хрыста, які стаўся знакам бязмежнай любові Бога да чалавека, мы павінны прыняць логіку крыжа як ключа да разумення нашых цярпенняў, а таксама тое, што крыж нашага жыцця і крыж Езуса Хрыста ўзаемна дапаўняюцца”. “Святы Айцец Францішак кажа, што ў таямніцы крыжа мы знаходзім гісторыю чалавека і Бога. Калі дрэва пазнання дабра і зла стала пачаткам многіх цярпенняў і пакут, то дрэва крыжа вядзе нас да збаўлення, - звярнуў увагу Мітрапаліт. - На самой справе, не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго”.

Арцыбіскуп адзначыў, што ў сучасным свеце “акрамя асабістых жыццёвых крыжоў усё больш праяўляюцца праблемы крыжа ў публічнай прасторы”, прывёўшы прыклад таго, “якую дыскусію ў Еўропе і ва ўсім свеце некалькі гадоў таму выклікала рашэнне Еўрапейскага трыбуналу правоў чалавека ў Страсбургу аб забароне крыжа ў адной з італьянскіх школ”. “Праблема зусім не банальная. Справа ідзе аб будучыні нашага кантынента; аб тым, што на духоўных яго руінах можа паўстаць секулярны калгас, дзе погляды аб тым, што, напрыклад, аборт - гэта забойства або што гомасексуальны саюз з’яўляецца парушэннем Богам устаноўленага саюзу сям’і, будуць карацца”, - дадаў Мітрапаліт.

“Для нас, хрысціян, вельмі важнай справай з’яўляецца прысутнасць крыжа ў публічнай прасторы, - падкрэсліў іерарх. - Там, дзе Бог знікае, чалавек губляе сваю годнасць. Толькі тады, калі Бог ёсць вялікім, таксама і чалавек становіцца вялікім”.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Мітрапаліт заклікаў вернікаў, каб, адаруючы крыж, яны падзякавалі Хрысту “за бязмежную любоў, за вялікі дар адкуплення”, папрасілі аб тым, каб “заўсёды заставацца вернымі Яго крыжу”.

На заканчэнне літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў грабніцу, якая сімвалізуе тую, дзе знаходзіўся пасля смерці Езус.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.