Біскуп Юрый Касабуцкі цэлебраваў Імшу Хрызму ў катэдральным касцёле Магілёва | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.04.2014 17:24

17 красавіка, у Вялікі чацвер, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі цэлебраваў Імшу Хрызму ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. На Імшу прыбылі святары з усяго Магілёўскага дэканату на чале з дэканам ксяндзом Паўлам Шылаком.

На пачатку пробашч катэдральнай парафіі ксёндз Раман Факсінскі прывітаў усіх прысутных і павіншаваў духавенства з днём устанаўлення святарства.

У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі разважаў над сутнасцю святарства і тым, якім вялікім Божым дарам яно з’яўляецца. Іерарх нагадаў пра неабходнасць пастаяннага трывання з Хрыстом праз малітву, дзякуючы якому святар сам адкрываецца больш на прыняцце Божых ласкаў і перадае іншым гэтыя Божыя дары.

Паколькі святар павінен быць сапраўдным “спецыялістам” у спатканні чалавека з Богам, сведчыць аб Хрысце ў сучасным свеце, што часам бывае нялёгка, іерарх папрасіў вернікаў заўсёды падтрымліваць сваіх святароў малітвай, якая дапамагае пераадолець шматлікія цяжкасці.

Падчас Імшы адбылося благаслаўленне алею хворых і кансэкрацыя алею хрызма.

На заканчэнне ксёндз дэкан Павел Шылак звярнуўся з віншаваннямі да прысутных святароў. Вернікі магілёўскай катэдральнай парафіі таксама выказалі словы падзякі святарам і павіншавалі іх з “прафесійным” святам.

Пасля Імшы адбылася сустрэча біскупа Юрыя Касабуцкага са святарамі і кансэкраванымі асобамі, падчас якой былі абмеркаваны бягучыя справы.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by