Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Канікулы з Богам» — цудоўны варыянт правядзення школьнага адпачынку
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.11.2011 12:25

На завяршэнне восеньскіх канікул у мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай (Серабранкаўскі дэканат) адбыліся традыцыйныя «Канікулы з Богам». Гэта дзень, калі юныя парафіяне з прыемнасцю і карысцю бавяць час у супольным адпачынку і ўзрастанні ў веры.

На гэты раз восеньскі дзень выдаўся асабліва сонечным, а таму рухомыя гульні ў двары парафіяльнага дома для дзяцей былі асабліва прыемныя: выклікалі шмат радасці і весялосці ды паспрыялі добраму настрою.

Пасля маладыя вернікі прынялі ўдзел у конкурсе малюнка на біблейскую тэматыку, паглядзелі дзіцячы прыгодніцкі кінафільм. Быў таксама смачны абед і пачастунак з гарбатаю.

«Канікулы з Богам» — час, калі дзеці разам адпачываюць, бліжэй знаёмяцца і ўзбагачаюць свае веды пра Хрыста, — арганізавалі сёстры-дамініканкі Любаміра і Сафія пры сталай падтрымцы і дапамозе пробашча парафіі Маці Божай Ружанцовай кс. Генадзя Кухарэвіча CSMA.

Ксёндз Генадзь Кухарэвіч, між іншым, адзначыў: «Сем’і парафіянаў у пераважнай большасці не шматдзетныя і малым часта не хапае сяброўскіх стасункаў з аднагодкамі, таксама дзеці часта абмежаваныя ў актыўным адпачынку».

«„Канікулы з Богам“ даюць такую магчымасць. Акрамя таго, неад’емнай часткай адпачынку з’яўляюцца духоўныя практыкаванні, што дадае ведаў і дапамагае ўмацаванню веры», — падкрэсліў святар.

На завяршэнне дня ў парафіяльнай капліцы адбылася святая Імша, падчас якой юныя вернікі маліліся і дзякавалі Пану Богу за цудоўна праведзены дзень.

Галіна Абакунчык

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.